2 траўня 2024, Чацвер, 13:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мсціслаўскія ўлады помсцяць рабочым за страйк

29
Мсціслаўскія ўлады помсцяць рабочым за страйк

Працаўнікі дарожна-будаўнічага сэктара вымушаныя з'язджаць на заробкі ў Расею, бо пасля акцыі пратэсту не могуць уладкавацца на працу ў сваім раёне.

У канцы сакавіка на Мсціслаўскім прадпрыемстве быў трохдзённы страйк. Так работнікі адрэагавалі на аб'яднанне дарожна-будаўнічага сэктара з перасоўнай механізаванай калонай (ПМК) № 271, паведамляе «Радыё Свабода».

Аб страйку паведаміў былы працаўнік дарожна-будаўнічага сэктара, які не пажадаў называць сваё імя. З ягоных слоў, акцыя пратэсту доўжылася з 22 да 25 сакавіка. Даваць вестку пра пратэст людзі тады не адважыліся, спадзеючыся, што канфлікт развяжацца без прыцягнення ўвагі. Звярнуцца ў СМІ, аднак, наважылі, калі пачаўся пераслед найбольш чынных пратэстоўцаў.

Работнікі дарожна-будаўнічага сэктара наважыліся на пратэст, калі даведаліся, што аб'яднанай арганізацыяй будзе кіраваць цяперашні начальнік ПМК № 271 Фёдар Падабед.

«Семдзесят адсоткаў людзей, якія ў нас рабілі, ужо працавалі ў Падабеда. Ён сваю арганізацыю дабіў «да абуха». 57 чалавек звольніліся адразу ж у дзень аб'яднання. Тры дні мы страйкавалі. Карысці ніякай. За тыя дні, у якія мы страйкавалі, паставілі прагулы. Па адным пачалі ціснуць. У Падабеда працуюць цяпер некалькі нашых чалавек і будуць звальняцца, бо заробак - паўтары мільёны», - кажа рабочы.

З ягоных слоў, у райвыканкаме дзейнічае сакрэтнае распараджэнне: чынных удзельнікаў страйку не браць на працу на тэрыторыі раёна. Гэтыя чыноўнікі пагражалі страйкоўцам, калі сустракаліся з імі на прадпрыемстве.

«Людзі цяпер з арганізацыі ў арганізацыю ходзяць - ніхто нікога нікуды не бярэ. Што рабіць - не ведаем. Будзем выязджаць у Расею. Трэба ж плаціць за кватэру і жыць», - кажа рабочы.

У райвыканкаме факт незадаволенасці працоўных прызнаюць, але адмаўляюць тое, што існуе распараджэнне не браць на працу чынных удзельнікаў пратэсту. Што да аб'яднання дзвюх арганізацый, то яно зацверджанае старшынём аблвыканкама Пятром Руднікам. Кіраваць аб'яднанай арганізацыяй паставілі Фёдара Падабеда, бо ў яго досведу, як заяўляюць у райвыканкаме, больш.

Сам жа Фёдар Падабед заяўляе, што ягоныя працаўнікі не страйкавалі. На пытанне, ці жадаюць працаўнікі дарожна-будаўнічага сэктара працаваць пад ягоным кіраўніцтвам, ён адказаў:

«У той арганізацыі, якую аб'ядноўваюць з нашай, 12 мільярдаў страт. Цяпер гэтыя мільярды трэба плаціць нам. Таму я з задавальненнем пайшоў бы на пенсію і не ламаў бы галаву».

Былы работнік дарожна-будаўнічага сэктара мае свой погляд на перспектыву працы ў аб'яднанай арганізацыі. Яго яна не вельмі радуе, таму ён і звольніўся.

«У нас заробак быў невялікі, аднак большы, чым у той арганізацыі. У мяне, напрыклад, заробак сярэдні быў 2,5 мільёны. А ў той арганізацыі кіроўцы не бралі і двух мільёнаў. Каму цікава з большага кавалка на меншы ісці? Вось гэта людзей і раззлавала», - кажа ён.

У адміністрацыі дарожна-будаўнічага сэктара прызналі, што працоўныя аб'яднаннем былі незадаволеныя.

«Пастанова прынятая не намі, таму камусьці гэта падабаецца, а камусьці не. Мы нікога не выганялі. Кожнаму прапанавалі працу. Хтосьці сказаў, што не пайду, буду звальняцца. Ну, калі ласка, звальняйся - гэта ж тваё права», - кажа супрацоўнік адміністрацыі.

Пратэставалі Мсціслаўскія будаўнікі эмацыйна. Не стрымлівалі сябе ў выказваннях. Пра гэта сведчыць відэа, дасланае журналісту. Цяпер спрэчкі ў райцэнтры аціхлі.

«Чалавек дзесяць-пятнаццаць засталіся без працы. Хтосьці ўжо з'ехаў у Расею на заробкі. Вядома, што нам у раёне ўладкавацца будзе вельмі і вельмі цяжка пасля гэтага ўсяго. Тыя, хто цяпер не працуе, чакаюць, пакуль у Расеі пачнецца будоўля. Усе наважаныя ехаць туды», - кажа ўдзельнік пратэсту.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках