25 красавiка 2024, Чацвер, 23:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Альбомы Belarus Press Photo прызнаныя экстрэмісцкімі

106
Альбомы Belarus Press Photo прызнаныя экстрэмісцкімі

(абноўлена - 17:10) Суд Ашмянскага раёна прызнаў фотаальбом Belarus Press Photo - 2011 экстрэмісцкім.

Ашмянскі раённы суд 18 красавіка прызнаў фотаальбом Belarus Press Photo - 2011 экстрэмісцкім. Фатографы Юлія Дарашкевіч, Аляксандр Васюковіч і Вадзім Заміроўскі, якія праходзілі па справе ў якасці «зацікаўленых асобаў», павінны выплаціць па 217,5 тысяч рублёў за судовыя выдаткі.

«Альбом быў прызнаны экстрэмісцкім. У мяне не было спадзяванняў на станоўчы вынік, таму што я не веру ў справядлівасць нашай судовай сістэмы, і сённяшняе рашэнне было прадказальным. Зыходзячы з таго, як учора праходзіў працэс і як адхілялі адно за адным хадайніцтвы, нам было зразумела, што рашэнне будзе не на нашу карысць. Я ў прынцыпе не веру, што гэты працэс быў задуманы для таго, каб пасля не знайсці экстрэмізму ў гэтых альбомах. Вядома ж, мы будзем абскарджваць рашэнне суда і паспрабуем у гэтай справе прайсці ўсе магчымыя інстанцыі», - заявіла сайту charter97.org Юлія Дарашкевіч.

Адзін з арганізатараў конкурсу Belarus Press Photo Вадзім Заміроўскі заявіў сайту charter97.org, што таксама не здзіўлены вынікам суда.

«Я не здзіўлены вынікам суда. Вядома, да апошняга моманту я спадзяваўся на лепшае. На жаль, суд вынес менавіта такое рашэнне. Натуральна, што я з гэтым катэгарычна не згодны. Пасля таго, як было адмоўлена ў далучэнні да справы альбомаў Belarus Press Photo і ў допуску да ўдзелу ў працэсе праваабаронцы Гары Паганяйлы і намесніка старшыні БАЖ Андрэя Бастунца, я зразумеў, чым усе скончыцца», - адзначыў фатограф.

Ён падкрэсліў, што рашэнне суда будзе абскарджанае на працягу 10 дзён.

«Безумоўна, мы будзем абскарджваць прысуд. У нас ёсць на гэта 10 дзён. Пакуль пастанова суда не ўступіць сілу, беларускія ўлады не маюць права знішчаць кнігі», - упэўнены Вадзім Заміроўскі.

Нагадаем, з пазовам «Аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі» у суд звярнулася ўпраўленне КДБ Беларусі па Гродзенскай вобласці. У альбомах фотаконкурсу Belarus Press Photo КДБ знайшоў «выдумкі аб жыццядзейнасці беларускага народа».

У суд выклікалі фатографаў Юлію Дарашкевіч, Вадзіма Заміроўскага і Аляксандра Васюковіча.

41 фотаальбом з фатаграфіямі леташняга конкурсу Belarus Press Photo забралі 12 лістапада 2012 года на памежным пераходзе «Каменны лог» у Васюковіча і Дарашкевіч.

Belarus Press Photo - гэта першы адкрыты незалежны конкурс прэс-фатаграфіі ў Беларусі. У гэтым годзе конкурс праводзіцца ў чацвёрты раз.

Напісаць каментар 106

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках