Алег Волчак: Беларускім сілавікам дазволяць працаваць у Расеі
19- 23.04.2013, 11:15
У выпадку ўніфікацыі працоўнага заканадаўства краін-удзельніц МС, беларускія міліцыянты пачнуць масава з'язджаць на заробкі ў Расею.
Так былы следчы пракуратуры, праваабаронца Алег Волчак пракаментаваў сайту charter97.org факт таго, што беларускія міліцыянты з'язджаюць на заробкі ў Расею.
«Праблема заключаецца ў тым, што аформіць расейскае грамадзянства не проста. На дзяржслужбу ў Расейскай Федэрацыі могуць браць толькі расейцаў. Існуе паскораная працэдура, калі за тры месяцы можна зрабіць грамадзянства РФ, але гэта не вельмі распаўсюджана. Хутчэй за ўсё, у найбліжэйшай будучыні Мытны саюз распрацуе праект уніфікацыі працоўнага заканадаўства Беларусі, Казахстана і Расеі, у тым ліку і па праваахоўнай сістэме. І не выключана, што супрацоўнікі казахскай паліцыі і беларускай міліцыі змогуць без праблем уладкоўвацца на працу ў Расеі», - лічыць юрыст.
Ён упэўнены, што калі такі закон будзе прыняты, беларускія міліцыянты масава пацягнуцца на заробкі ў РФ.
«Не сакрэт, што там вышэй заробкі, а сацыяльны пакет нашмат лепш. Акрамя гэтага, існуе мноства магчымасцяў уладкавацца прафесійным ахоўнікам ці ж заняцца прыватным вышукам. Таму Расея зацікаўлена стварыць умовы для працоўнай міграцыі кваліфікаваных кадраў з Беларусі. Успомніце, як з'язджалі і працягваюць з'язджаць нашы будаўнікі, кіроўцы, лекары і не толькі. Цалкам магчыма, што такое заканадаўства будзе распрацавана ўжо да 2015-2016 года. Адзначу, што МС хоча ўніфікаваць заканадаўства па ўзоры Еўразвяза. Гэта значыць, што паліцэйскі з Бельгіі можа спакойна працаваць у Францыі, Галандыі ці ў іншай краіне ЕЗ. Адпаведна, міліцыянт з Беларусі зможа працаваць у расейскай і казахскай паліцыі і наадварот», - падкрэсліў праваабаронца.
Нагадаем, услед за будаўнікамі, медыкамі і кіроўцамі на працу ў Расею з'язджаюць і супрацоўнікі беларускай міліцыі. Але пакуль што дадзеная з'ява не набыла масавы характар.
Фота: bymedia.net