2 траўня 2024, Чацвер, 7:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Герой фільма «Жыве Беларусь» асцярагаецца вяртацца ў краіну

31
Герой фільма «Жыве Беларусь» асцярагаецца вяртацца ў краіну

Пасля выканання галоўнай ролі ў фільме «Жыве Беларусь» беларускаму музыке Вінсэнту пагражаюць спецслужбы.

Пра гэта вядомы беларускі музыка і акцёр Зміцер Вінсэнт Папко распавёў у інтэрв'ю сайту charter97.org.

- Вядома, што пасля выканання галоўнай ролі ў кінастужцы «Жыве Беларусь» у вас пачаліся праблемы з прадстаўнікамі беларускіх уладаў. Што адбылося?

- Рэакцыя ўладаў на фільм была вельмі вясёлай. Асабліва мяне парадаваў артыкул у адным з польскіх выданняў. Там гаварылася пра тое, што чарговую рэцэнзію на фільм «Жыве Беларусь» напісаў амбасадар Беларусі Віктар Гайсянок. Адзначалася, што фільм «хлуслівы і з'яўляецца прадметам хворай фантазіі сцэнарыстаў». Аднак у канцы напісана, што фільм амбасадар яшчэ не глядзеў. Гэта свайго роду анекдот, над якім смяюцца гледачы на спецыяльных паказах, якія прадугледжаныя ў рамках рэкламы. На спецыяльных паказах стваральнікі фільма сустракаюцца з публікай у кінатэатрах, дыскутуюць. Вядома, што Анатоль Кот, выканаўца ролі генерала, ужо знаходзіцца ў чорным спісе на «Беларусьфільме», з ім разарваныя папярэднія ўмовы на ўдзел у здымках. Помста за ролю ў фільме напаткала і мяне. Калі я вярнуўся ў Беларусь пасля здымак фільма, спецслужбы пачалі пісаць на мяне даносы, у якіх гаварылася, што я з'яўляюся «бандытам», і іншыя абсалютна бессэнсоўныя рэчы. У сувязі з гэтым мяне дапытвалі ў міліцыі. Потым мне фактычна без падстаў забаранілі выезд за мяжу. Але выехаць я ўсё ж такі змог. На той момант не была скончаная праца над гукам ў фільме, мы запісвалі саўндтрэкі. Усё ўдалося зрабіць максімальна якасна. Гледачы вельмі высока ацэньваюць гук у фільме «Жыве Беларусь», і, перш за ўсё, выдатны саўндтрэк, напісаны Лявонам Вольскім.

- А як успрынялі фільм звычайныя гледачы?

- З 19 красавіка кінастужку пачалі паказваць амаль ва ўсіх кінатэатрах Польшчы. У Варшаве прэм'ера адбылася адразу ў двух вялікіх залах «Кінатэкі» ў Палацы культуры і навукі. Акрамя журналістаў і грамадскіх дзеячаў былі запрошаныя шматлікія зоркі кіно і тэатра, пісьменнікі, іншыя прадстаўнікі інтэлігенцыі. Паколькі Польшча з'яўляецца ўжо трэцяй краінай, дзе мы прэзентавалі фільм, то я магу ўпэўнена сказаць: фільм нязменна выклікае шырокую дыскусію. Ён уражвае.

- Польскія кінакрытыкі высока ацанілі вашу ролю ў фільме «Жыве Беларусь», параўноўваючы вас з зоркамі тыпу Сэма Райлі і Альдэна Эрэнрайха. Як вам удалося згуляць ролю на такім узроўні?

- Магу толькі сказаць, што пакінуў усе сілы на здымачнай пляцоўцы. І я вельмі ўдзячны ўсёй здымачнай групе: ад рэжысёра і акцёраў да касцюмераў. Гэта яны мне дапамагалі штодня. Былі на пляцоўцы акцёры, якія згулялі каля ста роляў. Мне, як пачаткоўцу, было вельмі цікава павучыцца ў майстроў. Увогуле спадабалася працаваць у міжнароднай здымачнай групе. На маю думку, беларускія акцёры праявілі сябе вельмі добра.

- У мінулую нядзелю ў цэнтры Варшавы прайшоў канцэрт «Салідарныя з Беларуссю», на якім вы былі вядучым. Што гэта значыла для вас асабіста?

- Мне пашанцавала весці канцэрт «Салідарныя з Беларуссю». У самым цэнтры горада мерапрыемства наведалі некалькі тысяч чалавек. Мяне натхняюць гэтыя людзі. Мерапрыемствы падобнага роду вельмі важныя для беларусаў, а таксама і для іншых народаў Еўропы. Я ведаю, што на гэтым канцэрце былі не толькі палякі, але і людзі з многіх краін свету. Справа ў тым, што ён праходзіў фактычна ў Старым горадзе, дзе ў выходныя вельмі шмат турыстаў. Канцэрты «Салідарныя з Беларуссю» - гэта цудоўныя мерапрыемствы, але я хачу, каб яны праходзілі на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.

- Што вы збіраецеся рабіць далей?

- Акрамя шырокай дыстрыбуцыі ў Польшчы ўжо запланаваныя некалькі буйных міжнародных фестываляў, у якіх мы прымем удзел з фільмам «Жыве Беларусь». Таксама ёсць і канцэртныя планы. У сакавіку я выступіў у Празе, будуць і іншыя замежныя канцэрты. Ёсць і новы матэрыял, які планую запісаць. Зараз пераважна праз фільмы і музыку папулярызую беларускую культуру за мяжой. І вельмі спадзяюся, што калі-небудзь фільм «Жыве Беларусь» пакажуць непасрэдна ў Беларусі на шырокіх экранах. Акрамя творчай дзейнасці, навучаюся ў магістратуры Варшаўскага Універсітэта.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках