29 сакавiка 2024, Пятніца, 8:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Павел Селін: Пуцін і Лукашэнка - палітычныя жывёлы

81
Павел Селін: Пуцін і Лукашэнка - палітычныя жывёлы

Але ніякая дыктатура не вечная, упэўнены вядомы расейскі журналіст.

Павел Селін - былы кіраўнік карэспандэнцкага пункта расейскага тэлеканала НТВ у Беларусі. За вострыя рэпартажы аб сітуацыі ў краіне быў дэпартаваны беларускімі ўладамі з забаронай на ўезд на 5 гадоў. Некалькі гадоў вёў на НТВ праграму «Последнее слово». Звольніўся з тэлеканала ў верасні 2012 года, прапрацаваўшы на ім 15 гадоў.

На днях Павел Селін наведаў Варшаву і даў інтэрв'ю галоўнаму рэдактару сайта charter97.org Наталлі Радзінай.

- Павел, цяпер усё больш расейскіх палітыкаў кажуць пра тое, што сітуацыя ў Расеі нагадвае сітуацыю ў Беларусі. Ты доўга жыў у Менску, цябе адтуль дэпартавалі, забаранілі ўезд у Беларусь на пяць гадоў, гэта значыць ты добра знаёмы з беларускімі рэаліямі. Ці сапраўды нашы краіны сталі так падобныя?

- Абсалютна. Я з'яўляюся прыхільнікам так званай тэорыі расейска-беларускай часовай пятлі. Нічога новага тут няма. Усё тое, што адбывалася ў Менску, праз некалькі гадоў адбываецца ў Маскве. Гэта тычыцца свабоды слова, свабоды партый, свабоды асобы.

Што тычыцца свабоды слова, то цяпер знішчаныя практычна ўсе свабодныя тэлевізійныя пляцоўкі. Ні адзін тэлевізійны канал не з'яўляецца ў поўным сэнсе свабодным. Засталіся нейкія маленечкія пляцоўкі з вельмі абмежаваным полем для дзейнасці. Гэта, у першую чаргу, праграма «Неделя» з Мар'янай Максімоўскай на РЕН-ТВ, збольшага «Центральнае телевидение» з Вадзімам Такмянёвым на НТВ. І адзіная пляцоўка, на якой шмат што магчыма, гэта тэлеканал «Дождь», які з'яўляецца інтэрнэт-тэлебачаннем. Гэта вельмі невялікі ахоп.

Што тычыцца свабоды партый, то ўсе палітычныя партыі, якія маглі б скласці рэальную канкурэнцыю, забароненыя ці не зарэгістраваныя. Напрыклад, гэта партыя ПАРНАС (Партыя Народнай Свабоды). Такія партыі не дапушчаныя да палітычнага жыцця. Няма апазіцыі ні ў выканаўчай, ні ў заканадаўчай улады. Няма, адпаведна, рычагоў уплыву. Улада абсалютная, аўтакратычная, і сямімільнымі крокамі набліжаецца да таталітарнай формы кіравання. Што тычыцца свабоды асобы, то паглядзіце, што адбываецца з Навальным, гэта самы яскравы прыклад.

- Што, на твой погляд, адбываецца з Навальным?

- Навальны - гэта Хадаркоўскі для простых людзей. Хадаркоўскі ў 2003 годзе стаў «чорнай меткай» буйнога бізнесу. Навальны цяпер - «чорная метка» і паказальны працэс для ўсіх, хто хоча займацца апазіцыйнай дзейнасцю або крытыкаваць уладу. Гэта значыць, на прыкладзе Хадаркоўскага ўсім алігархам паказалі: хлопцы, давайце ўсе да пазногця ці будзеце сядзець, як Міхаіл Барысавіч. Зараз Навальнага паказваюць усім, хто хадзіў на мітынгі на Балотную, на Сахарава, паказваюць, што будзе з імі, калі яны будуць далей гэтым займацца. У мяне песімістычны прагноз. Думаю, што яго, на жаль, пасадзяць па абсалютна надуманым абвінавачванні.

- Сёння ўдзельніка «балотнай справы» Канстанціна Лебядзева прысудзілі да 2,5 гадоў калоніі, нягледзячы на тое, што ён пайшоў на здзелку са следствам.

- Заўваж, ён пайшоў на здзелку са следствам. Напэўна, абгаварыў сябе і, магчыма, здаў таварышаў і гэтак далей. І, тым не менш, 2,5 года рэальных, а не ўмоўна. Хоць, напэўна, абяцалі, што будзе ўмоўны тэрмін. Гэта дэманстрацыя таго, што будзе з намі з усімі. Нам кажуць: ніякіх мітынгаў і акцый пратэсту. Не жадаеце сядзець у турме - заставайцеся дома.

- А ці не нагадваюць табе гэтыя падзеі 19 снежня 2010 года ў Менску, калі апазіцыю таксама абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў?

- Адзін у адзін. Гэта ўсё пятля. Усё тое, што адбывалася ў Менску, потым адбываецца ў Маскве. Абсалютна той жа варыянт. Зараз з'явіліся паведамленні пра тое, што там таксама, хутчэй за ўсё, была група правакатараў. Гэта людзі ў чорных масках, якіх міліцыянты прапускалі туды і назад. Яны хапалі людзей, і яны ж спрабавалі прабіць ланцуг АМАПу. Адзін сцэнар: масавая акцыя, правакацыя, затрыманні, суды, турма. Але ў Менску, вядома, яшчэ больш жорстка было. Арыштавалі ўсіх кандыдатаў у прэзідэнты, нават цябе, журналістку... Усё было больш брутальна і груба. У Расеі ўсё больш па-езуіцку і тонка, але сутнасць тая ж.

- Ты сышоў з НТВ, прапрацаваўшы там 15 гадоў. Прычым ад пазаштатніка ў Варонежы да вядучага сваёй уласнай праграмы. Шкада было сыходзіць?

- Слова «шкада» - занадта слабое для гэтага працэсу. Гэта не проста шкада, крыўдна. Гэта ўсё вельмі слабыя вызначэнні для таго, каб выказаць пачуцці, якія мяне перапаўнялі і да гэтага часу перапаўняюць. Я прыйшоў на тэлеканал, таму што марыў працаваць там, таму што гэта быў самы магутны, адкрыты і свабодны канал у краіне. Прайшоў велізарны шлях і потым з ім зрабілі вось гэта. Зрабілі вельмі па-езуіцку на працягу вялізнага перыяду часу з 2001 па 2012 год.

За 11 гадоў яны вельмі цынічна ўзялі і вынялі начынне з канала, пакінуўшы знешнюю форму, гэты зялёны шарык-лагатып, але выцягнулі з яго увесь ліберальны складнік і ўнеслі туды тое, што цяпер уяўляе з сябе НТВ - крымінал, папса і жаўтуха у сваіх горшых праявах. Цяпер там вельмі моцны ідэалагічны, прапагандысцкі складнік. Успомні фільмы пра Хадаркоўскага - яны ж на НТВ спачатку сталі з'яўляцца, усе гэтыя жудасныя «Анатомии протеста», пра тое, на якія грошы дзейнічае апазіцыя.

- Але фільм «Крёстный батька» парадаваў беларускіх гледачоў.

- Гэты фільм парадаваў, але гэта таксама была замова Крамля. Я працытую Барыса Нямцова: «Яны вельмі падобныя - Пуцін з Лукашэнкам. Яны ненавідзяць адзін аднаго лютай нянавісцю, але яны аднолькавыя ». У іх ёсць перыяды любові і нянавісці. Яны палітычныя жывёлы.

Перыяды любові і нянавісці змяняюць адзін аднаго. Быў перыяд палітычнай нянавісці - з'явіўся «Крёстный батька». Цяпер, калі будзе любоў на расейскай авіябазе, ніякіх «батек» нават у думках не з'явіцца: ні на НТВ, нідзе. У мяне ёсць прадчуванне, што калі Лукашэнка вырашыць зачыніць расейскую базу, з'явіцца яшчэ некалькі «Крёстных батек». Я зараз раблю такое прадказанне на будучыню.

Яны зрабілі з майго канала то крымінальна-папсова-жаўтушнае балота, якое з сябе цяпер уяўляе НТВ. Уявіце сітуацыю: у вас запівае любімая мама, якая вас выхавала, дала вам усё. Але вы не перастаеце любіць сваю маму, вам за яе вельмі горка, балюча і крыўдна, але вы спадзяецеся, што калі-небудзь яна паправіцца. Я сапраўды таксама думаю: калі-небудзь гэта адбудзецца і з маім каналам.

- А пакуль чым ты займаешся?

- Раблю некалькі праектаў адразу. Самыя пастаянныя - гэта штотыднёвая ззесяціхвілінная праграма «Мегаполис», якая выходзіць па пятніцах у 18 гадзін на RTVi - гэта самы буйны замежны рускамоўны канал. У праграме выходзяць сацыяльныя і культурныя навіны Масквы.

Зараз я зрабіў дзевяціхвілінны адмысловы рэпартаж для праграмы «Парфёнов» на «Дожде» ў 9 гадзін вечара па нядзелях. Гэта такая рэінкарнацыя «Намедни», адкуль мы ўсе выйшлі. Вельмі спадзяюся, што хлопцы і далей будуць мне прапаноўваць нейкія тэмы.

Зараз я абсалютны фрылансер, свабодны мастак. Зрабіў цыкл на ТВ-3, які вядзе васьмісерыйнае расследаванне. Ёсць яшчэ вельмі сур'ёзная прапанова ад аднаго з галоўных украінскіх тэлеканалаў, якая ў стадыі абмеркавання і разгляду, таму дэталі пакуль не буду раскрываць.

Яшчэ зрабіў вялікі фільм у якасці выканаўчага прадзюсара і аўтара сцэнара на канале «Россия» пра Чарнамырдзіна, фільм называўся «ЧВС». Сяргей Брылёў быў вядучым, але рабілі разам.

У мяне вельмі разнавектарнае жыццё, якое стала больш шалёным. Я нават не магу параўнаць па грошах: стаў я зарабляць больш ці менш. Але тое, што жыццё стала больш насычаным - гэта так. Зараз я магу сабе дазволіць займацца дыяметральна супрацьлеглымі праектамі.

- Гэта значыць, ты раіш журналістам не баяцца сыходзіць з афіцыйных СМІ?

- Я раю журналістам не трапляць на дзяржаўныя СМІ, асабліва на сённяшнія расейскія і беларускія. Хоць мы зрабілі з Брылёвым вельмі годны фільм «ЧВС». Але гэта таму, што, як мне здаецца, гаворка ідзе пра мінулае. Пра сённяшні палітычны дзень, я думаю, нічога падобнага на буйным дзяржаўным канале зрабіць немагчыма.

- Нямцоў учора сказаў у Менску, што Беларусь стане свабоднай хутчэй Расеі. Ты з ім згодны?

- Вядома, хацелася б на гэта спадзявацца. Ты ведаеш, што для мяне значыць Беларусь і ўсё, што з ёй звязана. Але мне здаецца, трэба, каб адбыўся карэнны злом сістэмы, як гэта было ў Савецкім Саюзе ў сярэдзіне 80-х, а потым у пачатку 90-х. Народ павінен зразумець, што так жыць больш не можа.

Добра памятаю «перабудову». Я сканчаў школу і памятаю, як стаяў у Старым Асколе ў чарзе па хлеб. Калі прывезлі гэты хлеб, натоўп кінуўся, змятаючы ўсё на сваім шляху і вырываючы баханкі адзін у аднаго. Я менш за ўсё хачу, каб у Беларусі ці Расеі адбывалася штосьці падобнае. Але, на жаль, я разумею, што пакуль народ не будзе даведзены да крайнасці, абсалютна нічога кардынальнага ў змене ладу адбыцца не зможа. Калі людзям будзе няма чаго ёсць з-за «мудрай» палітыкі кіраўнікоў, вось тады, напэўна, што кардынальнае можа адбыцца. Пакуль ёсць пазіцыя «абы не было вайны», якая падтрымліваецца прапагандысцкімі метадамі, нічога не адбудзецца.

19 снежня ў Менску на плошчы была велізарная колькасць людзей, але адбылося самае жорсткае падаўленне, таму што дзяржава дзіка баіцца нейкіх пераменаў і не ідзе ні на якія кампрамісы з народам, з людзьмі, з незадаволенымі. Тое ж самае было ў Расеі 6 траўня 2012 года. Тая ж схема: задушыць, здушыць, ніякіх перамоваў, не дай Бог, пусціць апазіцыю ў дэпутаты, ва ўрад.

Але я ўспамінаю, як у 1968 годзе на Красную плошчу выйшла 8 чалавек пратэставаць супраць уводу савецкіх войскаў у Чэхаславакію. У канцы 80-х і пачатку 90-х на той жа самай плошчы было ўжо некалькі мільёнаў. Вось гэта на самай справе сведчыць аб тым, што ніякая дыктатура не вечная.

Напісаць каментар 81

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках