2 траўня 2024, Чацвер, 8:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзяніс Садоўскі: Прыходзьце на «Чарнобыльскі шлях». Не варта баяцца

20
Дзяніс Садоўскі: Прыходзьце на «Чарнобыльскі шлях». Не варта баяцца

Якім будзе Чарнобыльскі шлях-2013, распавёў charter97.org адказны сакратар аргкамітэта партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Дзяніс Садоўскі.

- Ёсць такое меркаванне, што Чарнобыльскі шлях - гэта спрэс палітычная акцыя. З іншага боку, апошнімі гадамі людзі не так актыўна ўдзельнічаюць у гэтай акцыі. Як Вы можаце пракамэнтаваць гэта?

- Гэта звязана, мабыць, з агульным страхам. Нават калі апазіцыйная акцыя і дазволеная ўладамі, людзі ўсё роўна баяцца патрапіць «на суткі» ці проста не ходзяць, каб не прыдбаць праблем. Гэта той страх, якога сістэма дамагалася апошнія 16 гадоў. Але я магу сказаць - не варта баяцца, прыходзьце на Чарнобыльскі шлях.

Я не згодны з тым, што Чарнобыльскі шлях - выключна палітычная акцыя. Падчас гэтай акцыі мы разам з іншымі партыямі і арганізацыямі будзем казаць аб тым, што тычыцца кожнага жыхара Беларусі.

- Калі і чаму аргкамітэт стварэння БХД пачаў удзельнічаць у традыцыйным Чарнобыльскім шляху?

- Мы ўдзельнічаем у Чарнобыльскім Шляху з моманту стварэння аргкамітэта партыі ў 2005 годзе. Да гэтага лідары БХД Павал Севярынец і Віталь Рымашэўскі ўдзельнічалі ў ім як прадстаўнікі «Маладога фронту» і АГП. Мы ніколі не прапускаем гэтай падзеі. Нават калі ў 2008 годзе частка апазіцыйных партый заявіла, што Чарнобыльскі шлях страціў сваю актуальнасць і не варта яго праводзіць, мы выступілі з ініцыятывай ўсё ж не спыняць гэтага руху. Для нас падтрымка тэмы Чарнобыля - гэта не самарэклама: мы ўсе павінны ўзнімаць гэтую праблему ў грамадстве. Праблемы ж засталіся: тэрыторыі забруджаныя; невядома, што мы ўжываем у ежу; ліквідатараў не ўважаюць за людзей; тое, што яны зрабілі, ахвяраваўшы сваім здароўем і жыццём, не шануецца.

Яшчэ адна прычына нашага чыннага ўдзелу ў Чарнобыльскім шляху - гэта памяць пра прафесара Івана Нікітчанку, які быў сябрам нашай партыі. Ён быў чальцом-карэспандэнтам Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі, навукоўцам, які займаўся даследаваннем чарнобыльскай праблематыкі, праблем забруджаных тэрыторый.

- Наколькі антыядзерным будзе Чарнобыльскі шлях у гэтым годзе? Чаго нам чакаць?

- Па-першае, у гэтым годзе Чарнобыльскі шлях пройдзе пад лозунгам «Не АЭС!».

Па-другое, на Чарнобыльскім шляху, вядома, найперш павінны закранацца пытанні экалогіі. Але, з іншага боку, чарнобыльская праблематыка і аварыя на ЧАЭС - гэта не толькі экалагічная катастрофа, але і палітычная трагедыя савецкай сістэмы, якая дапусціла яе. І тое, што цяпер будуецца Астравецкая АЭС - палітычная праблема! І не толькі эколагі павінны ёю займацца. Рэч у тым, што ўлады Беларусі будуюць АЭС, не ўзгадніўшы гэта з грамадствам, не правёўшы сур'ёзнай экспертызы, не звяртаючы ўвагі на заўвагі з боку міжнароднай супольнасці. Тое, што АЭС будуецца, - гэта яшчэ адна катастрофа, якая можа прычыніцца да новага Чарнобылю. Таму займацца антыядзернай праблематыкай трэба супольна - і эколагам, і палітыкам, і грамадству.

- Чаму, як Вы мяркуеце, ва ўсім свеце адмаўляюцца ад «мірнага атама», а ў нас толькі пачынаецца будаўніцтва АЭС?

- Цяжка адказаць, чаму. Галоўнае, што Беларусі і яе народу Астравецкая АЭС сапраўды не патрэбная: так мяркуюць і эканамісты, і эколагі. Магчыма, пастанова ўлад усё ж пачынаць будаўніцтва звязаная з некаторымі просьбамі ці ціскам з боку Расеі, бо будаўніцтва ажыццяўляецца Расеяй за яе ж крэдыт. У дэмакратычнай дзяржаве, калі б хтосьці эканамічна і экалагічна абгрунтаваў эфэктыўнасць і бяспеку такога будаўніцтва, усё роўна трэба было б пачынаць з грамадскага абмеркавання. Магчыма, з рэфэрэндуму. Але гэта ў дэмакратычнай краіне.

Зараз, я мяркую, рэфэрэндум праводзіць не мае сэнсу - мы ўсе ведаем, які вынік мы атрымаем пры гэтай уладзе. Але ў дэмакратычнай дзяржаве рэфэрэндум мог бы стаць адпраўным пунктам грамадскіх абмеркаванняў. У цяперашніх варунках БХД, вядома, выступае за безумоўнае спыненне будаўніцтва Астравецкай АЭС.

Можа быць, для кагосьці Чарнобыль ужо не такі актуальны, і сучасная ўлада спрабуе замаўчаць чарнобыльскую праблематыку, распавядаючы пра тое, што пытанне разглядаецца - людзі вяртаюцца, палеткі засяваюцца. Але напраўду нічога не скончылася і не вызначылася. І тая бяда, якую прынёс Чарнобыль у Беларусь, дае нам падставы для вельмі сур'ёзнага стаўлення да пытання будаўніцтва АЭС на тэрыторыі Беларусі.

Інтэрв'ю ўзяла Ганна Нежавец

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках