2 траўня 2024, Чацвер, 5:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Брытанскі інвэстар патрабуе распачаць крымінальную справу супраць СК

78
Брытанскі інвэстар патрабуе распачаць крымінальную справу супраць СК

Грамадзянін Вялікабрытаніі звярнуўся ў Генпракуратуру Беларусі з патрабаваннем распачаць крымінальную справу ў дачыненні да службовых асоб Следчага камітэта.

Са слоў Аляксандра Мініна, беларуса з паходжання, яны, «тарпэдуючы расследаванне крымінальнай справы, наўмысна і насуперак інтарэсам службы злоўжываюць уладай і службовымі паўнамоцтвамі», паведамляе БелаПАН.

Аляксандр Мінін - уладальнік кампаніі Advance Chronicle Limited, у вёсцы Пруды Стаўбцоўскага раёна Менскай вобласці ён планаваў рэалізаваць праект вырабу навочных навукова-метадычных дапаможнікаў. «У першы этап рэалізацыі праекта мы планавалі ўкласці 35 тысяч фунтаў стэрлінгаў. Усяго на яго раскрутку пайшло б 200-300 тысяч фунтаў стэрлінгаў», - кажа Мінін, адзначаючы, што шматэтапны праект прадугледжваў продаж прадукцыі на экспарт, стварэнне аграсядзібы для замежных турыстаў . Крэдыт пад праект выдаў адзін з найбуйнейшых фінансавых кангламератаў свету - банк HSBC.

У красавіку 2012 года з выкупленага Мініным будынка былой школы ў Прудах невядомыя дэмантавалі сістэму ацяплення і вывезлі 46 пакетаў чыгунных радыятараў. Праўда, неўзабаве амаль палова выкрадзенага была загадкавым чынам вернутая. Са слоў Мініна, гэта адбылося пасля ягонай заявы аб прыпыненні інвэстпраекта.

Такі развой падзей навёў Мініна на думку, што да справы прычынныя нейкія высокапасадныя службовыя асобы, праз якіх «на галовы шараговых следчых сыплюцца спагнанні».

З красавіка 2012 г. папярэдняе расследаванне справы аб крадзяжы радыятараў неаднаразова прыпынялася, але затым зноў аднаўлялася. Пры гэтым супрацоўнікі Стаўбцоўскага аддзела СК Каспяровіч і Рубін, якія маюць дачыненне да расследавання, падпадалі пад дысцыплінарныя спагнанні.

Мінін адзначае, што праект мусіў пачаць дзейнасць у жніўні 2012 года. «Шкода ад неатрыманага прыбытку ўжо істотная. Некалькі дзясяткаў тысяч фунтаў стэрлінгаў мы ўжо страцілі. Пры гэтым мы плацім банку за карыстанне крэдытам», - адзначыў ён.

Як сцвярджае Мінін, яго абурае ня столькі факт крадзяжу радыятараў, колькі стаўленне да расследавання справы.

Як паведаміла афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова, з выкрадзеных 380 рабрын чыгунных батарэй коштам крыху больш за 7 млн рублёў 195 былі вернутыя. «Цяпер крымінальная справа расследуецца. Падазраваныя і абвінавачаныя ва ўчыненні крадзяжу батарэй не выяўленыя», - сказала яна. У той жа час, паводле звестак следства, у выкупленым Мініным будынку былой школы ніякай інвэстыцыйнай дзейнасці не ажыццяўлялася і якіх-небудзь інвэстыцыйных праектаў не рэалізоўвалася.

«Сам грамадзянін Мінін падчас следства ніякіх сведчанняў не даваў. Цяпер следствам накіраваная просьба аб прававой дапамозе ў Злучанае каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі аб тым, каб Мінін быў дапытаны ў якасці пацярпелага і былі запатрабаваныя патрэбныя для следства звесткі», - заявіла Ганчарова. З ейных слоў, аб выніках расследавання пацярпелы інфармуецца ва ўстаноўленым парадку з дапамогай электроннай пошты. Таксама ў СК сумняюцца, што адсутнасць 185 рэбраў батарэй магла сарваць рэалізацыю задуманага інвэстпраекта.

«Як мы можам рэалізаваць інвэстпраект, калі нас там рабуюць, а СК фактычна адмаўляе ў прававой абароне нашых інвестыцый?» - кажа ў сваю чаргу Мінін.

25 красавіка СК чарговым разам прыпыніў папярэдняе расследаванне крадзяжу. «Я не меруся абскарджваць іхнюю пастанову, бо ўважаю гэта за марнаванне сіл і часу», - заявіў Мінін, паабяцаўшы з заўтрашняга дня пачаць «ажыццяўленне ў Вялікабрытаніі і ў ЕЗ шэрагу дзеянняў».

Напісаць каментар 78

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках