10 лiстапада 2024, Нядзеля, 22:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімер Пугач: Беларусь пераўтварылася ў філіял Савецкага Саюза

7
Уладзімер Пугач: Беларусь пераўтварылася ў філіял Савецкага Саюза

Беларусам трэба перастаць чакаць мэсію і рабіць усе самім, лічыць вядомы музыка.

Уладзімер Пугач з тых людзей, зь якім зладзіць няпроста. Пры тым, што ён ніколі не далучаўся да пэўнага лягеру, яго не назавеш чалавекам, які вагаецца. Ён мае сваю акрэсьленую пазыцыю, і далёка не заўжды яго меркаваньне да спадобы, як праўладнаму боку, так і незалежнай супольнасьці. Нейкае асаблівае пачуцьцё ўласнай годнасьці дазваляе яму вольна пачувацца, як і ў мясцовай поп-тусоўцы, так і сярод музыкантаў, якіх вельмі баяцца ў тутэйшых дзяржаўных мэдыя. Пугач яшчэ і з тых людзей, якія здольныя зьдзівіць неардынарным учынкам.

Ён можа дэманстратыўна ня выйсьці на сцэну, толькі таму што ў залі прысутнічае апазыцыйны палітык, і ў той жа час адмовіцца граць пад расьцяжкамі БРСМ. У канцы мінулага году ён падзівіў пэрформансам у Стакгольме, калі выйшаў у касьцюме плюшавага мядзьведзіка, трымаючы плякат «Свабоду шведскаму народу». Зусім нядаўна Пугач зьдзівіў чарговы раз - сваім сольным праектам «Нафта», дзе сабраў зорную каманду музыкаў, вядомых з гуртоў «Ляпіс Трубяцкой», Chiefs Band і «Крамбамбуля». Пасьля шумнай прэзентацыі праекту, музыкант даў эксклюзыўнае інтэрвію сайту charter97.org.

- Слова «нафта» не надта ўжываецца з вашай лірыкай. Якую ідэю вы самі ўкладалі ў гэты праект і пры чым тут уласна «Нафта»?

- Я калі знаёмым тлумачыў, чым ён будзе адрозьнівацца ад майго асноўнага гурта, так і казаў: там «морс», а тут – «нафта». Нафта, канешне, прадукт стратэгічны, а таму моцна палітызаваны. Аднак тыя, хто былі на нашым канцэрце, маглі заўважыць, што наша творчасьць далёкая ад вострасацыяльных пытаньняў, хоць нюансы ёсьць.

- Вобраз «нафты» ўжыў нядаўна Міхалок і пасыл у яго быў ня тое, каб аптымістычны – «сонца ня ўзыйдзе заўтра». У вас усё выглядае інакш?

- У першым жа тэлефанаваньні з нагоды «Нафты» ад журналістаў мне сказалі пра гэта, на што я параіў пашырыць музычны далягляд. Ня думаю, што ў Міхалка ёсьць копірайт на беларускую мову (усьміхаецца). Шчыра скажу, што нават ня ведаў, што ў яго ёсьць такая песьня. Той факт, што падобныя пытаньні задаюць, сьведчыць пра беднасьць і ўбоства таго, што адбываецца ў беларускай культуры, на жаль. Падкрэсьлю – не з самой культурай, а зь яе папулярызацыяй, калі гадамі мусоляцца паўтары-два ньюсмэйкеры ад культуры. Таму такі вузкі дыяпазон пытаньняў, якія задаюцца. А пэсымістычны прагноз, ведаеш, які робяць навукоўцы на бліжэйшыя 40 год? Што галоўным стратэгічным прадуктам на Зямлі будзе вада. А ў Беларусі 30 тысяч рэк і 10 тысячаў азёр, так што мы будзем нафтавымі магнатамі. Такі мой «пэсымістычны» прагноз (усьміхаецца).

- Прэзэнтацыяй свайго новага праекту вы толькі падмацавалі чуткі, што ў J:Морс ня ўсё ў парадку. Гэта сапраўды так?

- Гэта ня так. J:Морс – гэта маё жыцьцё па вялікім рахунку. У 2001 годзе, калі ўсё пачыналася, я ў адным з інтэрвію сказаў, што J:Морс – гэта ўсур’ёз і надоўга, на што мне ўсьміхнуліся, канечне, але ўсё так і выйшла. Проста каб не пераўтварыцца ў такі шалёны гэнератар музыкі, трэба часам даць сабе адпачыць. І не сандаліць альбом за альбомам, лепей радзей, але каб сапраўды было што сказаць. Падчас гэтай паўзы я і вырашыў увасобіць у жыцьцё адну з сваіх старых задумаў. Цяпер мы хочам запісаць і выдаць «Нафту». Ці проста выкласьці ў сеціва.

- А вам не хацелася зрабіць што-небудзь зусім хуліганскае, скандальнае і правакацыйнае? Як той жа новы «Ляпіс», ці тое, што рабіў Вольскі з праектам ZET?

- Я не люблю, калі ў творчасьці перадусім прысутнічае форма, а ня зьмест. Не лічу слушным, бо гэта хуткі спосаб прыцягнуць да сябе ўвагу, але ненадоўга. Чым бліжэй ты да топу ў пэўным трэндзе і на пэўным этапе, тым хутчэй на цябе забудуцца. Я люблю рабіць нешта доўга, каб яно і жыло доўга.  

- Ад вас, дарэчы, чакаўся зусім іншы сольны праект – палескіх сьпеваў, пра які вы казалі некалькі год.  

- Сапраўды, даўно хачу зрабіць такі праект, але не даходзяць рукі, і няма мінімальнай крытычнай колькасці аднадумцаў, каб стартануць. Пакрысе падбіраюся да таго, каб гэта зрабіць. Не магу назваць тэрмінаў, але 100%, што ён раней ці пазьней адбудзецца. Сам матэрыял ужо ёсьць – гэта песьні, якія сьпявала бабуля і якія былі сабраныя на этнаграфічных экспэдыцыях у Пінскім раёне, адкуль я паходжу. Не скажу дакладна, як гэта будзе выглядаць, але я не хачу рабіць праект у той нішы, якую займае Іван Кірчук і ў якой ён папросту непераўзыйдзены. У мяне будзе перапрацаваны погляд на палескую музыку, а не спроба перасьпяваць і дадаць сучаснага гучаньня.

- J:Морс праводзіў тур па Беларусі у падтрымку альбома «Электричество» пад слёганам «Электрафікацыя ўсёй краіны». Заўважаю, што ў вашым рэпертуары з кожным годам усё больш беларускамоўных песень. Няма думкі зладзіць «Беларусіфікацыю ўсёй краіны»?

- Ведаеш, «беларусіфікацыя» гучыць неяк больш агрэсіўна, чым «электрафікацыя» (усьміхаецца). Гвалтоўнай культурызацыяй некалі займаліся старажытныя рымляне з варварамі, калі захоплівалі іх землі ці калі амэрыканскіх індзейцаў прымушалі прыняць хрысьціянства. Такія рэчы робяцца натуральным чынам, а не з дапамогай прапагандысцкіх праектаў. Ідэя слушная. Я хачу, каб у Беларусі стаўленьне да сваёй культуры было такое, як напрыклад, у Заходняй Украіне ставяцца да сваёй. Але ня пэўны, што дзеля гэтага трэба маляваць плякаты ды хадзіць з мэгафонамі, бо карысьці яно не дасьць. Напэўна, мусіць быць шлях не рэвалюцыйны, а эвалюцыйны. Між тым, назіраю, што маладых людзей, якія размаўляюць па-беларуску становіцца ўсё болей. І гэта добра.  

- Вы самі, як прыйшлі да таго, што трэба авалодаць беларускай мовай?

- Я належу да пакаленьня, якое вучылі па-расейску. Беларускую я вучыў. Пасыўна яе чуў зь дзяцінства па радыё і тэлебачаньню, таму так і ўспрымаў, як мову ТВ і радыё, бо ў нас на Палесьсі, у Пінску, на чыста беларускай ніхто не размаўляў. Але некалі мы прыехалі з Ромам Арловым да яго дзеда ў цэнтральную частку краіны, і тады я пачуў, што сапраўды гэтай мовай карыстаюцца ў побыце.

- Пры тым, што вы ставіцеся прыязна да мовы, дэманстратыўна па-беларуску вы размаўляць не рызыкуеце. Чаму не падаеце прыклад?

- Жыцьцё так склалася, што па-расейску я прачытаў болей кніг і слоўнікавага запасу маю болей на расейскай. Я такі, натуральны. Любіце ці не любіце мяне за гэта, можаце спаліць маё пудзіла, калі Лукашэнку здымуць, рабіце што хочаце з гэтым, але мне так зручней (сьмяецца). Хоць па-беларуску я пішу і слоўнік не выкарыстоўваю. Песьню «Жыві», напрыклад, некалі напісаў за хвіліны дзьве, проста так прыйшло. І ў прынцыпе я размаўляю па-беларуску, калі мне гэта зручна, калі я, напрыклад, зьвяртаюся да беларускамоўнага чалавека зь нейкай просьбай.  

- Вы падзяляеце думку пра сумны лёс беларускай мовы і зьнікненьне беларусаў, як нацыі?

- У Беларусі вельмі мала пасыянарыяў, якія б увасаблялі сьвежыя думкі і трэнды ды стваралі б гэты культурны ўнутраны валавы прадукт. Напрыклад, таленавітых музыкантаў у Беларусі процьма, але іх не пачуеш на дзяржаўным тэлебачаньні. Бо на тых каналах сядзяць былыя аграрыі і прасейваюць. І я ня думаю, што тут палітычнае сіта. Туды пускаюць у асноўным эстраду, такі ў іх жанравы арыентыр унутраны. Напэўна зь іх пункту гледжаньня, беларускамоўная музыка не дасьць ім рэйтынгу, хоць выглядае на трызненьне такая пазыцыя.  

- Магчыма, беларуская мова дагэтуль асацыюецца з пратэстнасьцю, таму такіх выканаўцаў баяцца паказваць?

- Гэта памылковае ўспрыманьне. Калі сапраўды баяцца, то выглядае яшчэ больш глупа, чым я казаў. Пакуль я бачу, што з пункту гледжаньня цэнтральных мас-мэдыя, беларуская музыка – гэта набор артыстаў беларускай эстрады, для іх гэта сынонім. Такім чынам адбываецца падмена паняцьцяў: яны думаюць, што ў іх прадстаўлена беларуская музыка, а на самой справе прысутнічае толькі адзін жанр. Ня хочаце року? Дык ён пражыве і без вас, бо як паказвае практыка, чым у большым андэграўндзе знаходзіцца гурт – тым ён больш папулярны. Але хто замінае здымаць канцэрт таго ж Кірчука часьцей, чым раз на 10 год, ці зьвяртаць увагу на маладых музыкаў, якія граюць фольк? А ёсьць жа яшчэ іншыя жанры. Chiefs Band, напрыклад, выдатны ансамбль, які грае джаз-фанк. Але яго калі і паказваюць, то ў асноўным як акампануючы склад, а на іх праграму не зважаюць.

- Дык па-вашаму, магчыма, каб беларусы паверылі ў сябе як у нацыю і навучыліся паважаць сябе?

- Пакуль у масавай сьвядомасьці беларусаў будзе ўпэўненасьць у тым, што ўсе беды ў кімсьці іншым, але ня ў іх саміх, анічога ня зьменіцца. Лічыцца, што соцыюм разьвіваецца, дзякуючы заахвочваньням і актыўнасьці 5-10% насельніцтва. Гэты адсотак людзей ёсьць і ў Беларусі, але ў нас інэртнае грамадства, схільнае вінаваціць у сваіх праблемах кагосьці яшчэ. Глупства думаць, што калі адну матрошку замяніць на іншую, то раптоўна стануць кветкі прабівацца праз асфальт. Жыцьцё трэба наладжваць уласнымі сіламі, пафарбаваць лаву ў парку ці ля свайго пад’езда, напрыклад. Беларусь жа адзіная краіна з усіх савецкіх, якая ня мела сур’ёзнага і якаснага злому. У нас атрымалася так, што быў Савецкі Саюз, а потым гэта плаўненька пераўтварылася ў філіял Савецкага Саюза. Таму ў нас няма сацыяльнай заангажаванасьці, бо раз на пяць год пад выбары сабраць людзей на дэманстрацыю гэта адна справа, але сацыяльная актыўнасьць палягае ў тым, каб выказвацца пастаянна, рэагаваць на дробныя праблемы, якія могуць тычыцца жыхароў пэўнага раёна.  

- Прыватная ініцыятыва і актыўнасьць у Беларусі караецца, як правіла. Можа інэртнасьць у людзей ад той думкі, што зьмяніць існуючы стан рэчаў проста немагчыма?

- Тут справа найперш ня ў выніку, а ў самім працэсе, калі мы кажам пра разьвіцьцё грамадзтва. Ці часта мы бачым навіны пра тое, як, напрыклад, людзі выйшлі на абарону маленькага парку? Калі гэта будзе адбывацца пастаянна, тады будзе плён і тады грамадзтва стане сілай. Нам трэба перастаць чакаць мэсію ды зводзіць усё да зьмены матрошак ва ўладзе.

- Дзіўна было пабачыць ваш пэрформанс у Стакгольме, асабліва ў сувязі з тым, што вы неаднаразова заяўлялі пра сваю палітычную незаангажаванасць.

- А ў гэтым няма ніякай палітыкі, мы проста папрыкалваліся. Гэтым ролікам я выказаў унутраную пазыцыю. Чаго вартая нацыя, калі яе ўратоўваюць замежнікі з дапамогай плюшавых мядзьведзікаў, а самі мы што - зусім нічога ня можам? Яшчэ і слюні пускаць з захапленьнем… Я паехаў у Стакгольм і таксама пажартаваў. Вы жартуеце і мы жартуем.  

- Вы ж пры гэтым не рызыкавалі жыцьцём, як швэды.

- А мяне намагаліся арыштаваць і выгналі па выніку адтуль, дзе мы здымалі (усьміхаецца).

- Вы казалі, што швэды зрабілі гэта дзеля свайго піяру. Няўжо не дапускаеце таго, што людзям можа быць проста неабыякава тое, што робіцца ў нас?

- …І яны выпадкова працуюць у крутой піяр-агенцыі. Я даўно жыву на Зямлі…  

- А ў Менску вы б наважыліся на правядзеньне палітычнага пэрформансу?

- Мяне на «слабо» не разьвядзеш. Я ня буду гэтага рабіць, толькі каб нешта давесьці. Калі трэба, я зраблю. Калі мяне асабіста нехта чапляе моцна, я рэагую. Калі, напрыклад, намагаліся забараніць мне праводзіць канцэрт у Палацы спорту. Безсэнсоўнай мітусьні, якая не дае плён, я не люблю. Тую акцыю ў Швэцыі зразумелі людзі, якія маюць пачуцьцё гумару. Сьцяг у рукі тым, хто вырашыў, што гэта нейкі палітычны дэмарш.

- Па-вашаму, ці акцыі адзіночак маюць сэнс, як спосаб прыцягненьня да пэўнай праблемы?

- Не, бо цяпер у інфармацыйнай прасторы вельмі імклівая інфармацыйная плынь. Выйшаў вось новы альбом Depech Mode, а праз два дні пра гэта ўсе забылі. З год дзесяць таму так не адбывалася. Менавіта таму трэба пастаянна нешта рабіць з кожнай дробнай нагоды, рэагаваць на неахайнасць, неўвагу з боку адміністрацыі раёну, напрыклад. Калі выйсьці аднойчы, то нічога ня будзе.

- Вы чаму перасталі весьці свой блёг?

- Лянотна, я не графаман. З часоў той гісторыі зь мядзьведзікамі мяне нічога так моцна і не ўражвала. Я не люблю сядзець у фэйсбуку ды кантакце, пішу, толькі калі мяне надта закране.

- У апошнім сваім запісе ў блёгу вы пішаце пра тое, што замест таго, каб вырашаць свае праблемы, мы альбо лунаем высока ў аблоках, альбо ціхенька сядзім па хатках. «Адны запасаюцца грэчкай, другія – на барыкадах». Мне вось цікава, а сваё месца тут вы дзе вызначаеце?

- Якраз у гэтым і справа, што гэты падзел няправільны, ён штучны. Грэчку ядуць усе. Але каб выйсьці на барыкады ў адных трэба адабраць грэчку, у другіх – свабоду.

- Дык якім чынам ў грамадзтве магчыма яднаньне і гармонія, каб не было такога ненатуральнага падзелу і усе жылі спакойна і шчасьліва?

- Упэўнены, што мы знойдзем людзей, якія жывуць спакойна і шчасьліва, толькі ім проста параўнаць няма з чым. Вырасла пакаленьне людзей, якім зараз 19-20 год і ім няма з чым параўнаць. І я ня думаю, што гэта добра. Вельмі проста маніпуляваць людзьмі, калі ты ім на словах распавядаеш, як павінна быць добра, а самі яны нічога не бачылі. Трэба выхоўваць незалежных людзей, якія ў стане даваць ацэнку таму, што адбываецца, сыходзячы з сваіх ведаў, досьведу і ўяўленьня пра прыстойнасьць і прынцыпы. Зараз жа шмат «статкавых» трэндаў, таму людзьмі вельмі проста кіраваць. Каб разьбірацца дзе дабро, а дзе зло, трэба заставацца сабой найперш і не хадзіць на павадку за кімсьці. Нацыя незалежных і думаючых людзей – гэта насамрэч крута. І каб увасобіць такую мару ў жыцьцё, трэба пачынаць зь сябе, зь прад’яўленьня прэтэнзій да самога сябе і з працы над тым, каб зрабіць лепей самога сябе.

Размаўляў Сяргей Будкін, спэцыяльна для сайта charter97.org

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках