П'яны аднарукі менчук знёс дрэва і раніў дзяўчыну
37- 28.04.2013, 13:31
У Менску п'яны інвалід без рукі сеў за стырно аўтамабіля і ўчыніў ДТЗ.
Пра гэта паведаміла кіраўніца прэс-службы ДАІ ГУУС Менгарвыканкама Таццяна Харлінская, паведамляе БелТА.
Аварыя адбылася сёння пад 1.30 на вуліцы Прытыцкага. Мужчына 1992 года нараджэння, інвалід (аднарукі, адсутнічае правая кісць), сеў за стырно аўтамабіля «Субару Форэстэра». Ён і яшчэ двое пасажыраў рухаліся з боку вуліцы Берута ў кірунку вуліцы Альшэўскага. У нейкі момант кіроўца страціў кіраванне, аўтамабіль наехаў на бардзюрны камень, выехаў за межы праезнай часткі, знёс прыдарожнае дрэва і ўрэзаўся ў асвятляльную мачту.
У выніку ДТЗ больш за ўсіх пацярпела пасажырка 1994 года нараджэння. У цяжкім стане яе даставілі ў рэанімацыю, дзе падключылі да апарата штучнага дыхання. Яшчэ адзін пасажыр збег да з'яўлення ДАІ. Кіроўца, як паказала экспэртыза, быў моцна п'яны - утрыманне алкаголю ў крыві 2,4 праміле.
Пры гэтым мужчына, як адзначыла Таццяна Харлінская, проста фізічна не мог атрымаць пасведчанне кіроўцы і не меў права знаходзіцца за стырном аўтамабіля ва ўсялякім стане, нават нягледзячы на тое, што аўтамабіль быў абсталяваны аўтаматычнай каробкай пераключэння перадач. Калі інспектары ДАІ спыталі ў яго, навошта ён сеў за стырно, мужчына пад дзеяннем алкаголю зразумелага адказу даць не здолеў.
«У ДАІ Менска не памятаюць выпадкаў, калі б чалавек без рукі сядаў за руль. Прадугледжаная такая магчымасць для інвалідаў без ног, але ў гэтым выпадку аўтамабіль павінен быць абсталяваны сістэмай ручнога кіравання, а таксама адпаведным чынам пазначаны», - сказала Таццяна Харлінская.