23 красавiка 2024, aўторак, 18:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Інтэлігенцыя патрабуе спыніць палітычныя звальненні

9
Інтэлігенцыя патрабуе спыніць палітычныя звальненні

Прадстаўнікі інтэлігенцыі звярнуліся да ўладаў з патрабаваннем спыніць звальненні рабочых «Граніту» і выкладчыкаў Гродзенскага ўніверсітэта.

«Звальненне з працы па палітычных матывах з'яўляецца не толькі парушэннем працоўнага заканадаўства і абавязацельстваў у рамках Міжнароднай арганізацыі працы. Гэта парушэнне Канстытуцыі і законаў Беларусі, чаго ўлады не могуць не разумець, і тым не менш не спыняюцца ў сваіх дзеяннях», - гаворыцца ў звароце, тэкст якога прыводзіць «Наша Нiва».

Аўтары дакумента лічаць, што гэта адбываецца не толькі з-за таго, што пазбаўленне працы пад пагрозай звальнення - механізм уздзеяння на іншадумцаў унутры краіны, але і «інструмент знешняй палітыкі, які выкарыстоўваецца менавіта тады, калі назіраюцца тэндэнцыі да нармалізацыі стасункаў з Еўразвязам».

Ва ўладзе, па словах аўтараў звароту, ёсць людзі, якія не хочуць, каб адносіны Беларусі з Еўропай паляпшаліся.

«Пакуль гэтыя сілы будуць мець уплыў, яны будуць напружваць сітуацыю, накіроўваючы Беларусь на ўсход, у Расею. Менавіта яны з'яўляюцца «пятай калонай». Такая палітыка вельмі небяспечная, так як можа прывесці да страты незалежнасці. Таму мы заклікаем усіх, у тым ліку прадстаўнікоў улады, якім на самай справе дарагая Беларусь, супрацьстаяць гэтай «пятай калоне», - гаворыцца ў звароце інтэлігенцыі.

Аўтары дакумента заклікалі да салідарнасці з тымі, каго звальняюць з працы, выключаюць з навучальных устаноў, падвяргаюць пераследу па палітычных матывах. Таксама яны звярнуліся да міжнародных арганізацый.

«Мы заклікаем Міжнародную арганізацыю працы, прафсаюзныя арганізацыі, міжнародную дэмакратычную супольнасць адэкватна адрэагаваць на парушэнні ў Беларусі аднаго з асноўных правоў чалавека - права на працу.

Мы патрабуем ад уладаў безумоўнага выканання працоўнага заканадаўства і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь», - гаворыцца ў звароце.

Пад дакументам паставілі свае подпісы Уладзімір Арлоў, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Лявон Вольскі, Уладзімір Някляеў і іншыя прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі.

Нагадаем, з мікашэвіцкага прадпрыемства «Граніт» звольнены актывіст незалежнага прафсаюзу Анатоль Ліцвінка. Раней з гэтага ж прадпрыемства былі звольненыя актывісты Беларускага незалежнага прафсаюза (БНП) Алег Стахаевіч, Мікалай Карышаў, Генадзь Паўлоўскі, Людміла Ліцвінка, Віталь Пашэчка, а c полацкага завода «Шкловалакно» - старшыня суполкі БНП Віктар Стукалаў.

З Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы па палітычных матывах звольнены прафесар Вячаслаў Швед. Раней у той жа навучальнай установе страціў працу дацэнт Андрэй Чарнякевіч. У знак пратэсту супраць палітычнага пераследу з універсітэта вымушаны быў сысці старэйшы выкладчык Ігар Кузьмініч.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках