28 красавiка 2024, Нядзеля, 12:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мінабароны абвяргае адпрацоўку ядзернага ўдару па Варшаве

14
Мінабароны абвяргае адпрацоўку ядзернага ўдару па Варшаве

У ходзе расейска-беларускіх вучэнняў «Захад-2013» не плануецца адпрацоўка нанясення прэвентыўных ядзерных удараў.

Пра гэта заявіў прэс-сакратар Міністэрства абароны Беларусі Уладзімір Макараў, піша БелаПАН.

Аналагічная заява прагучала і ад высокапастаўленага прадстаўніка Генштаба Расеі, піша «Інтэрфакс».

«Інфармацыя пра тое, што падчас вучэнняў «Захад-2013» будзе адпрацоўвацца варыянт прэвентыўнага ядзернага ўдару па Варшаве - не больш чым плод фантазіі польскіх журналістаў», - сказаў ён.

Так беларускія і расейскія ваенныя чыноўнікі пракаментавалі публікацыю ў выданні Polska Times пра тое, што Беларусь і Расея каля польскай мяжы адпрацуюць варыянт прэвентыўнага ядзернага ўдару па Варшаве.

«Ні Расея, ні Беларусь ніякага сакрэту з вучэнняў «Захад-2013» не робяць. Пра мэты і задачы гэтых манеўраў было абвешчана на самым высокім узроўні», - адзначыў прадстаўнік расейскага Генштаба.

Нагадаем, ваеннае кіраўніцтва Расеі і Беларусі заявіла, што ў верасні гэтага года дзве дзяржавы правядуць сумесныя ваенныя вучэнні стратэгічнага ўзроўню «Захад-2013». Яны павінны прайсці ў два этапы на палігонах Расеі і Беларусі.

Палітыкі суседніх з Беларуссю краін заявілі, што вучэнні нясуць пагрозу бяспекі ў рэгіёне.

Былы міністр абароны Польшчы Рамуальд Шарамецьеў сказаў пра тое, што Беларусь і Расея рыхтуюцца да вайны з Польшчай. Аб правакацыйным характары вучэнняў выказаўся таксама і кіраўнік МЗС Радаслаў Сікорскі. Міністр абароны Літвы Юозас Олякас заявіў, што некаторыя элементы ваенных вучэнняў, якія плануюцца ў Беларусі і Расеі, накіраваныя супраць суседзяў.

Пакуль афіцыйнай інфармацыі пра сцэнар вучэнняў і сілы, якія ўдзельнічаюць у іх, няма, аднак ёсць здагадка, што вучэнні будуць нагадваць вучэнні «Захад-2009», якія выклікалі вялікі рэзананс. Тады ў вучэннях прынялі ўдзел больш за 12 тысяч вайскоўцаў, афіцыйна яны былі названы абароннымі, закліканымі падтрымаць стратэгічную стабільнасць у рэгіёне.

Аднак у іх сцэнары, паводле некаторых паведамленняў, быў прадугледжаны напад на тэрыторыю балтыйскіх краін і прэвентыўны ядзерны ўдар па Варшаве.

Фотa: rus.delfi.lv

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках