25 красавiка 2024, Чацвер, 3:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Перамовы аб ядзернай праграме Ірана трапілі ў нявыкрутку

10
Перамовы аб ядзернай праграме Ірана трапілі ў нявыкрутку

Са слоў заходніх дыпламатаў, у першы дзень перамоў, якія пачаліся ў Казахстане, Іран не змог даць выяўны, пэўны адказ на прапановы аб выхадзе з нявыкруткі, звязанай з яго ядзернай праграмай.

Тэгеран распачаў перамовы з сусветнымі дзяржавамі, прапанаваўшы пэўныя «асаблівыя планы». Аднак заходнія дыпламаты сустрэлі іх з расчараваннем, сказаўшы, што гэта ўсяго толькі перапісаныя іншымі словамі прапановы, якія былі адхіленыя на леташніх перамовах у Расеі, перадае ВВС.

Іран намагае, што яго ядзерная праграма мае выключна цывільныя мэты, але іншыя краіны перакананыя, што пад яе сховам Іран вядзе распрацоўкі ядзернай зброі.

Перад пачаткам перамоў кіраўнік іранскай дэлегацыі Саід Джалілі выступіў у абарону ядзернай праграмы сваёй краіны, падкрэсліўшы, што сусветная супольнасць абавязаная прызнаць права Ірана на ўзбагачэнне ўрану.

«Дакладнага адказу няма»

Джалілі, з ягоных слоў, падаў заходнім дыпламатам «канкрэтныя планы і прапановы для пачатку чарговага этапу ўзаемадзеяння» паміж Іранам і шасцёркай міжнародных пасярэднікаў (Вялікабрытанія, Кітай, Францыя, Расея, ЗША і Нямеччына).

Але з паведамленняў заходняга дыпламата, які пажадаў захаваць ананімнасць, «шасцёрка» была троху збянтэжаная апісаннем таго, што падалі іранцы.

«Пакуль яшчэ намі не быў атрыманы выяўны, канкрэтны адказ на прапанову, зробленую» шасцёркай «падчас папярэдняй сэрыі перамоў, якія праходзілі ў Алма-Аце ў лютым», - паведаміў дыпламат.

«Там былі пададзеныя цікавыя, але не зусім уцямныя агульныя камэнтары нашых ідэй. У агульным і цэлым гэта былі крыху перапісаныя прапановы, якія ўжо гучалі на перамовах у Маскве», - сказаў ён.

У той жа час Джалілі, выступаючы з лекцыяй ва ўніверсітэце Алма-Аты, заявіў, што прарыў у перамовах можа быць дасягнуты адным толькі словам. «Гэта - прызнанне правоў Ірана, а менавіта права на ўзбагачэнне», - сказаў іранскі дыпламат.

У лютым група шасці краін, якія вядуць перамовы з Іранам, заявіла, што санкцыі супраць Тэгерана могуць быць змякчаныя ў выпадку, калі Іран прыпыніць узбагачэнне ўрану да 20% на аб'екце ў горадзе Форду і закрые сам аб'ект. Гэткі ўзровень узбагачэння ўрану знаходзіцца ў адным кроку ад атрымання ядзернай зброі.

Санкцыі, што ўводзіліся супраць Ірана ў некалькі этапаў, прычынілі прыкметныя страты яго эканоміцы, прычыніліся да скарачэння прыбыткаў ад продажу нафты, падзення курсу нацыянальнай валюты і росту беспрацоўя.

Нягледзячы на гэта, з паведамленняў, паміж сторанамі захоўваюцца сур'ёзныя супярэчнасці ў пытанні таго, як далёка гатовыя зайсці ўдзельнікі перамоў у пошуку кампрамісу, які б задаволіў усіх.

Перамовы працягнуцца сёння.

Фотa: walt.foreignpolicy.com

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках