19 красавiка 2024, Пятніца, 13:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Noize MC: Быць свабодным - гэта правільна і натуральна

20
Noize MC: Быць свабодным - гэта правільна і натуральна

Расейскі музыка Іван Аляксееў (Noize MC) мае адмысловыя пачуцці да Беларусі.

На яго канцэртах у Беларусі - нязменныя аншлагі, пачынаючы з першага прыезду ў 2008 годзе. Рэпер памятае кожны з гэтых выступаў і нават можа назваць дакладна, колькі іх было. У красавіку ён прыехаў у Менск ужо ў дзесяты раз. Менавіта тут музыка вырашыў адсвяткаваць 10-годдзе творчай кар'еры. Іван распавядае, што з ім прыехаў цэлы аркестр, каб упершыню згуляць унікальную акустычную праграму са скрыпкай, віяланчэллю, саксафонам... Гэты ж склад на наступны дзень дае электрычны канцэрт. На двух выступах клуб быў забіты цалкам.

Незадоўга да выхаду на сцэну Noize MC даў эксклюзіўнае інтэрв'ю сайту charter97.org.

- Ёсць меркаванне, што ў Беларусі цябе любяць яшчэ больш, чым у Расеі. Як табе самому здаецца, чаму?

- Не шукаю гэтаму ніякіх рацыянальных тлумачэнняў. Так атрымалася, што ў Менску нас заўсёды прымалі значна круцей, чым дзе б там ні было. Тут заўсёды вельмі гарачы прыём, і гэта не толькі самы круты горад для мяне ў еўрапейскай частцы, ён самы шалёны, калі казаць пра прыём публікай.

- Можа гэта ад таго, што нас хвалююць аднолькавыя праблемы і твае песні вельмі сугучныя настрою беларусаў?

- Неаднаразова абмяркоўваючы гэтае пытанне з Сашам «Чачай» Івановым, я выявіў такую агульную тэндэнцыю: чым паўночней, тым людзі лепш успрымаюць нейкі пратэст, нязгоду, непрыманне рэчаіснасці, крытыку соцыюму і гэтак далей, а чым паўднёвей апускаешся, тым горш гэта працуе . Менск не тое каб за палярным кругам, але нешта тут ёсць хвалюючае. Тут нямала людзей, якім не ўсё роўна. Гэта, напэўна, звязана з палітычнай сітуацыяй у вашай краіне.

- Пры тым, што ў нас праблемы падобныя, беларусы і рускія выдатна разумеюць адзін аднаго, а некаторыя нават схільныя лічыць, што мы адзін народ. Якія ты бачыш адрозненні паміж нашымі краінамі і народамі?

- Сацыяльна-эканамічная і палітычная сітуацыя ў вас адназначна куды больш жорсткая, чым у Расеі. Мне беларусы здаюцца больш лёгкімі на пад'ём хлопцамі, больш адкрытымі, яны прасцей і ў іх менш бар'ераў. Дапускаю, што гэта можа быць стэрэатып, таму як у любым горадзе сустракаюся па большай частцы з моладдзю ліберальна-прагрэсіўных поглядаў. Увогуле ж, вельмі зыбкая грань паміж рускімі, беларусамі і украінцамі, калі яны не гавораць на сваіх нацыянальных мовах. Розніца адчуваецца ў культурных момантах і нюансах, у ідэнтычнасці. Ясна, што калі чалавек вырас у сям'і, дзе гавораць па-беларуску, ён будзе знаходзіцца ўжо зусім у іншым культурным асяроддзі.

- Для цябе мяжа паміж нашымі краінамі адчувальная?

- З прыездам у Менск ніколі не ўзнікае праблем. Я перасоўваюся наземным транспартам, звычайна цягніком «Масква-Менск». Магу сказаць, што з'ехаць у іншы расейскі горад часам бывае куды больш праблематычна, чым у Менск. Праваднік не патрабуе пашпарт пры пасадцы, яму наогул напляваць на дакументы. Гэта нетыповая сітуацыя, асабліва калі ўлічыць, што ты едзеш у іншую дзяржаву. Калі я еду з Масквы ў Санкт-Пецярбург, так мяне на Ленінградскім вакзале 10 разоў «абшманаюць» і дакумент спытаюць. А што тычыцца самога Менска, то кідаецца ў вочы тое, што вельмі мала людзей у вас на вуліцах. Для нас гэта незвычайна.

- Многія расейцы з задавальненнем праводзяць свой адпачынак у Беларусі, ездзяць сюды нават у шоп-туры і кажуць, што тут застаўся «СССР у лепшым выглядзе». Згодны з такой ацэнкай?

- Каму падабаюцца часы СССР, то, магчыма, для іх тут ён і захаваўся, а каму СССР не падабаецца, той лічыць, што сітуацыя ў Беларусі выглядае цвёрдай. Мне вось не асабліва падабаецца СССР, калі шчыра. Аб'яднанне велізарнай колькасці народаў пад адной агульнай ідэяй само па сабе нядрэнна, але пры разборы нюансаў гэтай ідэі ўсё атрымліваецца сумна...

- Шведскія праваабаронцы патрабуюць не пускаць Беларусь на «Еўрабачанне», Марк Нопфлер сам адмяняе гастролі па Расе па палітычных матывах... Дзе гэтая грань, якая падзяляе творчасць і палітыку? Ты сам яе адчуваеш?

- Я наогул не разумею артыстаў, якія кажуць: мы да вас не паедзем, таму што ў вас - жэсць. У агульных рысах гэта выглядае такім чынам. Так ты давай прыязджай і раскажы: у вас тут жэсць, чувакі, што за фігня, я не згодны і не задаволены, я атрымаю два «ляма» еўра і палячу назад у ЗША (усміхаецца). Гэта будзе крута, але што гэта за глупства - не ездзіць па палітычных меркаваннях і не спяваць для сваіх прыхільнікаў у краіне, дзе, па тваім меркаванні, няма дэмакратыі і свабоды слова. Гэта значыць вас прэсуе ваш урад, а вы яшчэ заставайцеся без нармальнай музыкі. Мне гэта было няблізка і незразумела. Канкрэтна пра «Еўрабачанне» не скажу, таму як гэта г..но і ездзіць туды ў прынцыпе не варта.

- Ці здольны нешта змяніць музыка, умешваючыся ў палітыку?

- Музыка павінен музыку іграць, усё астатняе - апцыянальна, як ён хоча. А наконт здольнасці змяніць, то можна ўспомніць рускі рок: магнітаальбомы, падпольная дзвіжуха, кватэрнікі. І гэта былі лепшыя гады дадзенага кірунку, калі шчыра. Я лічу, што рускі рок быў адным з тых інструментаў, пры дапамозе якога разбурыўся Савецкі Саюз.

- Чым было абумоўлена тваё супрацоўніцтва з «Ляпісам Трубяцкім»? Цябе прыцягнула аўра іх «забароненасці» на радзіме?

- Мне проста падабаецца гэты гурт. Мы зрабілі з імі некалькі сумесных рэчаў без прывязкі да нейкіх падзеяй і палітычнага кантэкста. Гэта быў чыста творчы момант, і абумоўлены ён быў толькі тым, што іх песні мне блізкія.

- Ты працаваў з беларускім рэжысёрам Андрэем Кудзіненкам у «Розыгрышы», які застаецца, па сутнасці тваім, адзіным фільмам. Гэты вопыт выпадкова не адбіў у цябе жадання здымацца ў кіно далей?

- Я не акцёр... З Кудзіненкам мы з тых часоў сябруем, прычым цяпер зусім недалёка жывем адзін ад аднаго ў Маскве. Нядаўна ў нас нарадзілася сумесная ідэя яшчэ аднаго кінапраекта, якую мы пачынаем з энтузіязмам рэалізоўваць. Абыдуся пакуль без спойлераў, таму як рана яшчэ адкрываць нейкія карты. Магу толькі сказаць, што ўдзельнічаць там будзе ўвесь наш гурт. Спадзяюся, што да наступнага года гэты фільм ужо будзе зроблены.

- Ты дапушчаеш, што ўся гэтая «дзвіжуха» і пастаяннае проціпастаўленне сябе свету можа з цягам часу надакучыць?

- Гэта адымае, вядома, сілы, але ў тым, што ты супраціўляешся абставінам, і ёсць жыццё. Да таго ж, адбываецца абмен энергіяй - я аддаю нешта людзям, а яны вяртаюць мне назад.

- Скажы, ці можна быць свабодным у несвабоднай краіне?

- Можна і трэба. У савецкія часы тры чалавекі маглі выйсці на вуліцу і выказаць сваю нязгоду, разумеючы, што іх цяпер проста заграбуць і схаваюць. Вось гэта свабодныя людзі! Я лічу гэта крута. Трэба ўласным прыкладам паказваць, што быць свабодным - гэта правільна і натуральна.

Размаўляў Сяргей Будкін, спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках