3 траўня 2024, Пятніца, 1:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

50 гродзенцаў пагражаюць адмовай ад беларускага грамадзянства

73

Больш дваццаці гродзенскіх сем'яў збіраюцца выселіць з кватэр.

Іх дом нечакана для саміх жыхароў апынуўся інтэрнатам, яго збіраюцца закрыць на рэканструкцыю, а потым засяліць іншымі людзьмі, піша «Наша Нiва».

Жыхароў па чарзе выклікаюць у суд, каб агучыць аднолькавыя пастановы: выселіць з займанага памяшкання з прадастаўленнем іншай жылплошчы ў інтэрнаце. «Мы не выедзем, нас могуць толькі вынесці», - абяцаюць жыхары.

Людзей засялялі ў дом у канцы 1980-х як супрацоўнікаў «Гроднажылбуду». «Мы прыехалі з тых інтэрнатаў, у якія нас цяпер вяртаюць, нам гэта жыллё давалі ў якасці паляпшэння ўмоваў», - кажуць яны.

Пра тое, што шматпавярхоўка па паперах з'яўляецца інтэрнатам, здагадацца складана. Выглядае як звычайны жылы дом. Ніякіх вахцёрак на ўваходзе, дамафоны на дзвярах пад'ездаў, адно-і двухпакаёвыя кватэры з кухнямі і санвузламі - прыстойнага выгляду «маласямейкі». У пашпартах жыхароў стаяць звычайныя штампы аб рэгістрацыі. «Мы не падпісвалі ніякіх папер аб тым, што засяляемся ў часовае жыллё, нас ніхто не папярэджваў», - кажуць яны.

Іх ўпершыню папрасілі пакінуць жыллё ў 2010 годзе. Калі старшынёй Гродзенскага аблвыканкама прызначылі Сямёна Шапіру, ініцыятыўная група прабілася да яго на прыём. «Ён паслухаў, сказаў падначаленым пра нас: хай сваё жыллё выкупляюць», - успамінае ўдзельніца сустрэчы Ала Заяц. Тады ж жыхары атрымалі афіцыйную паперу ад аблвыканкама, у якой значылася: «Высяленне грамадзян адбывацца не будзе, пытанне змены функцыянальнага прызначэння будынка не разглядаецца». Праз год Шапіра загаварыў па-іншаму: маўляў, жыхары ўвялі яго ў зман.

Рэканструкцыя для іншых мэтаў

Цяперашняя пазіцыя дзяржавы выказаная ў лісце, падпісаным намеснікам старшыні аблвыканкама Ігарам Жуком. Дом, вакол якога разгарэўся скандал, вырашана рэканструяваць. Таму жыхарам трэба пераехаць ў інтэрнаты. Аднак пасля рэканструкцыі назад іх не пусцяць: іх кватэры нібыта дадуць перасяленцам з дамоў, якія будуць зносіць для гарадскіх патрэб. Людзі ў такую версію не вераць, яны перакананыя, што кватэры пасля прададуць па камерцыйных коштах. Падобная схема, кажуць яны, у Гродна ўжо ўжывалася.

Хто паспеў, той з'ехаў

У доме 160 кватэр, але большасць з іх пустыя. У пачатку «папяровай вайны» жыхарам прапанавалі ўступіць у кааператыў і пабудаваць жыллё з дапамогай льготных крэдытаў. Многія ўзяліся, іншыя проста раз'ехаліся хто куды. Цяпер іх кватэры стаяць пустыя.

Аднак у некаторых грошай на будаўніцтва не было. Людміла Станкевіч - інвалід, «пацягнуць» крэдыт яна не зможа пры ўсім жаданні. Такіх, як яна, высяляюць у інтэрнат на ложкамесцы (па шэсць квадратных метраў на чалавека). Сем'ям з чатырох чалавек даюць блок. Людзей такі падыход абурае. У доме яны жывуць у адно-і двухпакаёвых «маласямейках» і просяць не пагаршаць іх жыллёвае становішча. Напрыклад, кватэра, у якой зараз жыве сям'я Алы Заяц, зношаная на 18%, а пакой, куды іх высяляе суд, - на 30%. «Дык які з дамоў трэба рэканструяваць?» - пытаецца яна.

З інтэрната таксама могуць выселіць. З жыхарамі заключаецца дамова на год, а потым ніхто не перашкодзіць пазбавіцца ад «праблемных» насельнікаў, якія занадта актыўна змагаліся за свае правы.

Некаторыя не вытрымліваюць ў судзе. «У адной жанчыны пачалася істэрыка, ёй суддзя кажа: маўляў, едзьце на Шчорса, у псіхлячэбніцу, там атрымаеце бясплатнае жыллё і харчаванне», - распавядае Ала Заяц.

Непрымальная альтэрнатыва

Людзі прапануюць некалькі кампрамісных варыянтаў рашэння канфлікту. Напрыклад, засяліць іх усіх у адзін з пад'ездаў дома, а ў другім праводзіць рэканструкцыю. Гатовыя яны і на прыватызацыю па сённяшніх тарыфах. У такім выпадку за кватэры прыйдзецца заплаціць у бюджэт па $10-15 тысяч. «Аднак дом разам з намі аблвыканкаму не патрэбны», - з сумам канстатуюць жыхары.

Чаму ў судовую гісторыю трапіў менавіта іх дом, людзі растлумачыць не могуць. Такіх у Гродна нямала.

Адвакаты падбадзёрваюць сваіх падабаронных, аднак шанцаў застацца ў «маласямейцы» мала. Дзяржаўная машына запушчаная, і яе цяжка спыніць. Людзі абышлі і Дзяржкантроль, і адміністрацыю Лукашэнкі, дапамагчы ім ніхто не змог.

У рашэнні суда не сказана, у які тэрмін жыхары абавязаныя пакінуць кватэры. Значыць, трохі часу на барацьбу яшчэ ёсць. «У нармальных краінах для сабак будуюць лепшыя гадавальнікі, чым інтэрнаты, у якія нас высяляюць. Мы даведзеныя да адчаю, часам прыходзяць думкі пра самасуд. Калі нас будуць высяляць - адмовімся ад беларускага грамадзянства. Будзем прасіцца бежанцамі ў Польшчу і Расею», - абяцаюць яны.

Напісаць каментар 73

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках