28 красавiка 2024, Нядзеля, 3:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Берасцейцы патрабуюць пакараць чыноўнікаў за разбітыя дарогі

33
Берасцейцы патрабуюць пакараць чыноўнікаў за разбітыя дарогі

У Берасцейскі аблвыканкам адпраўленая скарга на дзеянне гарадскіх улад, якія праігнаравалі калектыўны зварот жыхароў абласнога цэнтра.

Як ужо паведамляў сайт charter97.org, яшчэ ранняй вясной жыхары берасцейскага мікрараёна Паўднёвы, абураныя станам дарог, пачалі збор подпісаў, каб дамагчыся рамонту паўкіламетровага адцінка вуліцы Ракасоўскага і трасы, якая злучае яе з вуліцай Жукава. На гэтым адцінку група энтузіястаў налічыла тысячу ямін, выбоін ды іншых пашкоджанняў дарожнага палатна. Адначасова ў калектыўным звароце, пад якім паставілі свае подпісы «за» 1100 чалавек, паказвалася, што на згаданым адцінку няма ходнікаў, хоць у суседстве размешчаная гімназія № 6. У выніку дарога, якая знаходзіцца ў аварыйным стане са жвавым рухам аўтамабіляў, з'яўляецца фактарам падвышанай рызыкі для жыцця і здароўя навучэнцаў.

Зварот з патрабаваннем зрабіць захады і прывесці ў належны стан дарожнае пакрыццё названых адцінкаў (а таксама прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці асоб, якія дапусцілі парушэнне заканадаўства) быў накіраваны гарадскім уладам і кіраўніцтву ДАІ Берасцейскай вобласці. Як распавёў карэспандэнту charter97.org адзін з ініцыятараў звароту Ігар Маслоўскі, у адказе з мясцовага гарвыканкама сцвярджалася, што з надыходам спрыяльных варункаў надвор'я, камунальнымі службамі будуць выкананыя рамонтныя работы дарожнага пакрыцця на названай тэрыторыі.

«Сапраўды ў канцы красавіка такія рамонты пачаліся, - паведаміў Маслоўскі. - Аднак цяпер працы не праводзяцца, а бягучы рамонт дарожнага палатна (якога практычна няма) так і не зроблены: замененыя толькі бардзюры на адцінку дарогі паміж вуліцамі Ракасоўскага і Жукава. На самой жа вуліцы Ракасоўскага наогул ніякіх работ нават не пачыналася».

Што ж да ходнікаў паблізу гімназіі № 6, то з адказу гарадскіх чыноўнікаў вынікае, што ўпарадкаваць яго не будуць. І гэта нягледзячы на тое, што цяпер жыхарам мікрараёна, каб не ставіць сябе пад небяспеку, даводзіцца выходзіць на праезную частку, бо суседняя тэрыторыя агароджаная плотам, дзе распачатае будаўніцтва праваслаўнага храма.

Са слоў Ігара Маслоўскага, людзі засталіся незадаволеная такім адказам гарадскіх чыноўнікаў і цяпер накіравалі скаргу абласным уладам, бо мяркуюць, што ў парушэнні артыкула 9 Закона РБ «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб» Берасцейскім гарвыканкамам не зробленыя захады для поўнага, аб'ектыўнага, усебаковага разгляду звароту. Бо замест гэтага ў адказе прыводзіцца інфармацыя аб інтэрв'ю старшыні гарвыканкама Аляксандра Палышанкова адной з мясцовых газет.

Цяпер жыхары Берасця ў сваёй скарзе патрабуюць ад аблвыканкама не толькі прывесці дарожнае пакрыццё на вуліцы Ракасоўскага ў адпаведнасць з нормамі і абсталяваць перакрыжаванне з вуліцай Жукава ходнікам для бяспечнага руху пешаходаў, але і прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці асоб, якія дапусцілі парушэнне заканадаўства.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках