3 траўня 2024, Пятніца, 15:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дывідэнды па акцыях рабочых забірае начальства

12
Дывідэнды па акцыях рабочых забірае начальства

Грошы рабочых, якія валодаюць акцыямі беларускіх прадпрыемстваў, забірае начальства.

Многія грамадзяне валодаюць акцыямі яшчэ з 1993 года, а дывідэндаў c іх не атрымлівалі ні разу.

ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат» паведаміў акцыянерам, што не будзе выплачваць дывідэнды за 2012 год. Пры гэтым прадпрыемства не на мяжы банкруцтва, толькі ў мінулым годзе камбінат выдаткаваў на мадэрнізацыю каля $14 млн.

Слуцкае прадпрыемства - далёка не адзінае ў Беларусі, дзе ёсць праблемы з выплатамі дывідэндаў. Як распавёў «Белсату» былы рабочы ААТ «Івацэвічдрэў» Васіль, ён іх не атрымлівае ўжо каля 6 гадоў.

«У мяне 35 акцый. Апошні раз дывідэнды атрымліваў дзесьці 6-7 гадоў таму, калі ў Івацэвічах былі абласныя «Дажынкі». Але цяпер паставілі новага дырэктара, так, здаецца, абяцаў выплаціць. Я спецыяльны рахунак адкрываў для гэтага. Вось, чакаем да жніўня, можа, заплацяць. За гэтыя грошы з дывідэндаў я мог купіць сабе штаны, кашулю, яшчэ нешта такое. З кожным годам дывідэнды ўсё падрасталі, а потым раптам перасталі плаціць...»

Нягледзячы на такія прыклады, вырастае колькасць выплачаных дывідэндаў дзяржаве. Так, у 2012 годзе ў дзяржаўны бюджэт паступіла Br2,9 трыльёнаў дывідэндаў, што ў два разы перавысіла паступленні 2011 года. Пра гэта паведаміў старшыня Дзяржкаммаёмасці Георгій Кузняцоў інфармагенцтву БелТА.

45% усіх дывідэндаў выплаціла ААТ «Беларуськалій», адзіны акцыянер якога - дзяржава.

Паводле слоў Георгія Кузняцова, зусім не выплачвае дывідэндаў нязначная колькасць прадпрыемстваў - 7%, або 51 ААТ.

Па дадзеных эканаміста Леаніда Заікі, 98% акцыянерных кампаній у Беларусі дывідэнды не выплачваюць з 1993 года.

«Дырэктарат, выканаўчыя структуры такіх прадпрыемстваў выпісваюць сабе велізарныя зарплаты, прэміі, купляюць дарагія аўтамабілі... Тыя грошы, якія павінны быць размеркаваныя як прыбытак сярод акцыянераў, яны прысвойваюць. Некаторыя выплачваюць. Як правіла, гэта закрытыя акцыянерныя таварыствы, дзе гаспадары самі наменклатуршчыкі. Выплачваць не будуць дывідэнды ніколі да таго часу, пакуль гэтыя прадпрыемствы не будуць рэальна прыватызаваныя», - пракаментаваў эканаміст Леанід Заіка.

Леанід Заіка кажа, што ў плане выплат дывідэндаў Беларусь радыкальна адрозніваецца ад суседніх краін, напрыклад, ад Расеі: «У Беларусі, можна сказаць, акцыянернага капіталу няма. У той жа Расеі - дыяметральна супрацьлеглая сітуацыя. Там рэальна прайшла прыватызацыя, таму сітуацыя іншая».

Па словах эканаміста, беларусы разумеюць, што ўкладваць свае зберажэнні ў акцыі - дастаткова смутная ідэя.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках