1 траўня 2024, Серада, 1:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Спорт і палітыка: урокі аўтарытарных рэжымаў

Спорт і палітыка: урокі аўтарытарных рэжымаў

Улады недэмакратычных краін паспяхова выкарыстоўваюць спорт для самарэкламы

Нягледзячы на нядаўні чэмпіёнскі тытул «Пары-Сэн-Жэрмен», катарскія інвестыцыі ў футбол да гэтага часу карыстаюцца далёка не лепшай рэпутацыяй. Прычынай таму - паказныя траты нафтадаляраў (гэта ў нашыя часы жорсткай эканоміі...) і футбольныя амбіцыі, якія цалкам не адпавядаюць французскім стандартам. Катар пастаянна плодзіць самыя розныя фантазіі і памылкі і нязменна выклікае трывогу. У крамах адна за адной з'яўляюцца ўсе новыя кнігі, якія закліканыя праліць святло на схаваныя планы сквапнага эмірата. Спартыўны журналіст RTL і аўтар кнігі «ПСЖ, Катар і грошы» (Le PSG, le Qatar et l'Argent) Жыль Вэрдэ (Gilles Verdez) прытрымліваецца наступнага пункту гледжання: «Катар пачаў маштабную кампанію, бо перакананы, што аднаго толькі футбольнага апафеозу будзе дастаткова для дасягнення пастаўленых ім больш шырокіх задач. Тым не менш, яго інвестыцыі зусім не гарантуюць поспех і любоў, тады як няўдача стане вельмі цяжкім ударам для Дохі і ПСЖ. Стаўкі ў гэтай гульні сапраўды каласальныя», піша «La Regle du Jeu» (пераклад - Inosmi.ru).

Але як наогул звычайна дзейнічае Катар? У два этапы. Спачатку ён спрабуе заваяваць вядомасць сярод шырокай аўдыторыі праз куплю клубаў, знакамітых гульцоў і рэкламу. Далей ён крок за крокам фармуе спартовую дыпламатыю, якая нацэленая на павышэнне прывабнасці краіны. Задача гранічна простая: змяніць імідж малавядомай у свеце дзяржавы і адцягнуць позіркі ад часцяком праблемнай унутранай абстаноўкі. Як бы там ні было, катарцы - зусім не адзіныя, хто карыстаецца футболам у палітычных мэтах. Існуюць куды больш паспяховыя і трывожныя стратэгіі, чым тая, што прынята ў Дохе. Акрамя ФК «Мілан», Сільвіё Берлусконі трэба адзначыць таксама і расейскі метад. Ён абапіраецца на ўплывовыя кампаніі (Газпрам) і багатых бізнесменаў, ператвараючы футбол у гіганцкае постсавецкае шоў на службе інтарэсаў Уладзіміра Пуціна.

Расейская стратэгія

Газпрам, сапраўдная дзяржава ў дзяржаве і неафіцыйны пастаўшчык кадраў для Крамля, сёння траціць на піяр немалую частку сіл і сродкаў. Перад кожным матчам Лігі чэмпіёнаў на экранах тэлевізараў па ўсёй Еўропе без канца круцяцца яго старамодныя рэкламныя ролікі. Цікавая сітуацыя. Справа ў тым, што хоць расейская кампанія пазапаўняла Еўропу сваёй рэкламай, яна ніяк не можа зрабіць Газпрам пастаўшчыком энерганосьбітаў! У Францыі ў яго ёсць толькі невялікае парыжскае прадстаўніцтва, якое валодае вельмі абмежаванай свабодай дзеянняў. Важныя пытанні і буйныя пагадненні абмяркоўваюцца напрамую ў Маскве, у доме № 16 па вуліцы Намёткіна. Цесна звязаная з уладай расейская кампанія нядаўна падпісала спонсарскую дамову з Лігай чэмпіёнаў, а з цягам гадоў змагла сфармаваць сапраўдную спартыўную імперыю. Прычым не проста так: яе інвестыцыі заўсёды былі кропкавымі і, па дзіўным збегу абставінаў, нязменна супадалі з інтарэсамі расейскай улады.

Прывядзём пару прыкладаў. Калі Расея і Газпрам працавалі над рэалізацыяй прыярытэтнага праекта «Паўночны паток» (трубаправод па дне Балтыйскага мора ў Германію), кампанія стала шчодрым спонсарам папулярнага нямецкага клуба «Шальке 04». Тое ж самае тычыцца газаправода «Паўднёвы паток» і сербскай каманды «Црвена звезда». «Расейская ўлада можа выкарыстаць Газпрам для ўплыву на рэгіянальную геапалітыку, - не сумняваецца англійскі спартыўны аглядальнік Джэймс Эпел (James Appell). - Газпрам і, такім чынам, расейскі ўрад выкарыстоўваюць футбол як інструмент «мяккай сілы». Такім чынам, у Расеі і іншых краінах футбол стаў працягам палітыкі іншымі сродкамі. Але менавіта ў чым заключаюцца адрозненні паміж расейскай і катарскай стратэгіямі?

Журналісты звярнуліся з гэтым пытаннем да прэзідэнта асацыяцыі Russie-Libertés Аляксея Пракоп'ева: «Трэба разумець, што футбол мае вялікае значэнне ў Расеі. Спартыўны праект Газпрама ўключае ў сябе перш за ўсё хатнюю фазу і толькі затым - міжнародны этап. Гэта двухбаковы і, безумоўна, больш паспяховы праект, чым у катарцаў, якія выкарыстоўваюць футбол выключна для дасягнення знешнепалітычных мэтаў». Далей ён распавёў пра інвестыцыі Газпрама ў расейскі футбол: «Усё пацвердзілася пасля куплі піцерскага «Зеніта». Гэта любімы клуб тандэму Пуціна і Мядзведзева, якія абодва родам з паўночнай сталіцы Расеі. За афіцыйнай задачай, якая заключаецца ў тым, каб зрабіць з «бела-блакітных» новую эліту расейскага футбола, хаваецца імкненне паказаць, што Расея - гэта не толькі Масква і яе традыцыйна самыя моцныя каманды: «Спартак», «Дынама» і ЦСКА».

«Зеніт» - твар футбола пуцінскай Расеі

Як бы там ні было, на гэтым гісторыя не сканчаецца. Махачкалінскі «Анжы» патрапіў у рукі мільярдэра Карымава, а грозненскім «Церакам» асабіста займаецца злавесны прэзідэнт Чачні Рамзан Кадыраў... Увесь расейскі футбол апынуўся пад прыцэлам бізнесменаў, якія імкнуцца зацвердзіць сваю ўладу ў найбольш ізаляваных рэгіёнах. Старая, як свет, гісторыя: замест таго, каб вырашаць штодзённыя праблемы, прасцей даць людзям трохі хлеба, а яшчэ лепш - відовішчаў. І што ж атрымалася ў выніку? Расейскі футбольны чэмпіянат мяняецца з года ў год, як у Катары. Па словах Аляксея Пракоп'ева, пад уплывам Газпрама ў расейскім футболе за апошнія дзесяць гадоў сфармавалася новае суперніцтва: супрацьстаянне маскоўскага «Спартака» і пецярбургскага «Зеніта». «Спартак» гістарычна быў клубам простых людзей і прафсаюзаў, аднак сёння яго бюджэт цьмянее перад выдзеленай Газпрамам «Зеніту» фінансавай маннай. Пецярбургскі клуб стаў свайго роду дзяржаўнай камандай, якая задумвалася як адлюстраванне новай Расеі. Гэта амбіцыйны і багаты клуб, якому, тым не менш, не чужы нацыяналізм. Некалькі месяцаў таму былы трэнер «Зеніта» Дзік Адвакат (Dick Advocaat) распавёў пра тое, што ў каманду проста немагчыма ўзяць чарнаскурых футбалістаў з-за ціску заўзятараў. Такія настроі шырока распаўсюджаныя ў сучаснай Расеі, што час ад часу прыводзіць да трагічных наступстваў...

Нягледзячы на ўсе няўдачы і непрыемнасці, пецярбургскі праект Газпрама, па ўсёй бачнасці, дае вынікі. «Зеніт» у хуткім часе агняздуецца на новым стадыёне і ўжо паспеў заваяваць некалькі тытулаў у нацыянальных і міжнародных спаборніцтвах (у прыватнасці Кубак УЕФА ў 2008 годзе). Акрамя таго, у кожным сезоне на берагах Нявы з'яўляецца ўсё больш такіх перспектыўных гульцоў, як бразілец Халк. Як і ў Катары, расейскі прафесійны спорт стаў цацкай у руках моцных свету гэтага. У першую чаргу, гэта адносіцца да футбола, які абралі галоўным інструментам заваявання сэрцаў народных мас. Расейская алігархія ўлівае ў яго сотні мільёнаў, каб даставіць задавальненне грамадзянам і засцерагчы ўплыў у дыпламатычнай сферы. Калі ў вас дастаткова нафта-і газа-даляраў, як у былым СССР і Катары, то ўсё прадаецца і купляецца. Нават сэрца футбольных заўзятараў...

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках