1 траўня 2024, Серада, 5:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Двое сутак у ізалятары за тое, што «вельмі разумны»

39
Двое сутак у ізалятары за тое, што «вельмі разумны»

Двое сутак утрымліваўся без рашэння суда ў ізалятары часовага ўтрымання жыхар Магілёва Зміцер Халадцоў.

Затрымалі яго 13 траўня. 15 траўня Ленінскі суд Магілёва прызнаў яго невінаватым і спыніў адміністрацыйную справу, перадае «Радыё Свабода».

Змітру 29 гадоў, ён працуе мантажнікам электраабсталявання. 13 траўня ўвечары з кампаніяй сяброў пераходзіў праезную частку на дазваляльны сігнал святлафора. Аднак двое міліцыянтаў, адзін у званні прапаршчыка, а другі - сяржанта, абвінавацілі маладых людзей у парушэнні правілаў дарожнага руху, бо, як распавядае Зміцер, міліцыянты на сваім баку вуліцы бачылі, што святлафор паказваў забарону на пераход дарогі. Пазней высветлілася, што святлафор быў няспраўны.

«На працягу некалькіх хвілін пасля таго, як міліцыянты нас абвінавацілі ў парушэнні правілаў, у нас з імі была палеміка. Потым прапаршчык паказаў на мяне, сказаў, што я вельмі нахабны і разумны, і адвялі мяне ў пастарунак. Там мяне абшукалі. За панятых былі міліцыянты, якія пры ператрусе рэчаў прысутнічалі некалькі хвілін. Мяне сфатаграфавалі, зрабілі дактыласкапію рук. Мяне абурыла, што калі міліцыянт апісваў мае рэчы, ён грэбліва выказваўся пра іх. Я запатрабаваў, каб мне патлумачылі прычыну затрымання, але ніхто не хацеў гэтага рабіць. Пазней сказалі, што я абвінавачваюся ў тым, што я нецэнзурна лаяўся і размахваў рукамі. Потым мяне даставілі ў ізалятар на вуліцы Крупскай», - распавёў рабочы.

У ізалятары часовага ўтрымання Зміцер Халадцоў правёў дзве ночы і дзень 14 траўня, так як у выхадны суды не працуюць. 15 траўня на судзе ён заявіў, што не лічыць сябе вінаватым у інкрымінаваным хуліганстве.

«Я даў свае тлумачэнні. Міліцыянтаў, якія мяне затрымлівалі, на судзе не было. Заслухаўшы мае тлумачэнні, суддзя сказала, што прэтэнзій да мяне не мае, і вызваліла. 16 траўня, калі я прыйшоў за пастановай суда, мне паведамілі, што адміністрацыйная справа супраць мяне спыненая з-за недаказанасці віны. Пастанову аддадуць на рукі праз тры дні», - распавёў малады чалавек.

Пасля суда Зміцер Халадцоў кажа, што напісаў скаргу на дзеянні міліцыянтаў, якія яго затрымлівалі. Матывы заключэння пад варту для хлопца застаюцца не яснымі.

«Можа, гэта было звязана з тым, што я патрабаваў у міліцыі, каб са мной размаўляў афіцэр, а не прапаршчык, які паводзіў сябе задзірліва. Калі мяне затрымлівалі, мне не растлумачылі маіх правоў, калі я патрабаваў патэлефанаваць родным, мне адмаўлялі. Мяне абражалі ў пастарунку. Пазней паводзіны міліцыянтаў памякчэлі, калі з пастарунку перавезлі ў Ленінскі аддзел міліцыі. Я буду чакаць, што мне адкажуць з міліцыі на маю скаргу. Буду кантраляваць справу. Лічу, што міліцыя павінна, так бы мовіць, баяцца народа, а не народ яе. Я рабочы чалавек, і міліцыя існуе на грошы падаткаплацельшчыкаў. Яна павінна абараняць мае правы і інтарэсы, а не абражаць мяне», - кажа Халадцоў.

Праваахоўныя органы Магілёва адмаўляюцца каментаваць прэтэнзіі Халадцова.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках