Беларуска-латвійскі тавараабарот выйшаў на рэкордны ўзровень
7- 17.05.2013, 13:09
Латвія сёння ўваходзіць у пералік еўрапейскіх краін, з якімі ў Беларусі наладжаныя найбольш цесныя эканамічныя сувязі.
Гэта сёння адзначыў губернатар Менскай вобласці, кіраўнік грамадскай арганізацыі «Пародненыя гарады» Барыс Батура на II Латвійска-беларускім форуме пародненых гарадоў у Даўгаўпілсе, перадае БелТА.
Барыс Батура падкрэсліў, што ў 2012 годзе беларуска-латвійскі тавараабарот выйшаў на рэкордны ўзровень, наблізіўшыся амаль да $3,5 млрд.
У Латвію паступаюць з Беларусі нафтапрадукты, растваральнікі, мінеральныя ўгнаенні, трактары і цягачы, некаторыя сталёвыя вырабы, медныя сплавы, лесаматэрыялы, грузавыя чыгуначныя вагоны, сельгаспрадукцыя. У адваротным кірунку ідуць пастаўкі лекавых сродкаў, рыбы, тканін і трыкатажу, корму для жывёл, біядызеля, канструкцый з чорных металаў.
Губернатар Менскай вобласці таксама адзначыў, што на тэрыторыі Латвіі дзейнічае тавараправодная сетка канцэрнаў «Белнафтахім» і «Белдзяржхарчпрам», Менскага трактарнага завода, абутковай кампаніі «Белвест» і іншых фірмаў.
На II Латвійска-беларускім форуме пародненых гарадоў абмяркоўваецца стан і перспектывы развіцця сувязяў паміж Латвіяй і Беларуссю. У цэнтры ўвагі знаходзяцца пытанні гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага ўзаемадзеяння.