Прэзідэнт М'янмы памілаваў палітвязняў
1- 17.05.2013, 20:21
Прэзідэнт М'янмы Тэйн Сэйн памілаваў больш за 20 палітычных зняволеных напярэдадні свайго візіту ў Вашынгтон.
Кіраўнік канцылярыі прэзідэнта адмаўляе, што палітвязні выкарыстоўваюцца як пешкі ў палітычнай гульні. Паводле ягоных слоў, памілаванне паказвае на сур'ёзнасць намераў прэзідэнта ўключыць усе палітычныя сілы ў працэс рэформаў, паведамляе BBC.
Тэйн Сэйны павінен сустрэцца з прэзідэнтам ЗША Баракам Абамам у панядзелак. Гэта першы візіт лідара М'янмы ў Вашынгтон больш чым за 50 гадоў.
ЗША аслабілі рэжым санкцый, накладзеных на М'янму, пасля таго як прэзідэнт Тэйн Сэйны пачаў працэс рэформаў у краіне.
Месяц таму міністры замежных спраў краін Еўрапейскага Звязу таксама дамовіліся прыпыніць дзеянні большасці санкцыяў, уведзеных супраць уладаў М'янмы.
У прыватнасці, былі скасаваныя абмежаванні, уведзеныя раней супраць амаль 500 чалавек і больш за 800 кампаній. У дзеянні засталося толькі эмбарга на пастаўкі зброі.
На думку краін ЕЗ, такія захады павінны заахвоціць улады М'янмы, што сталі на шлях дэмакратычных пераўтварэнняў. У той жа час міністры паабяцалі «ўважліва назіраць» за падзеямі ў азіяцкай краіне і рэагаваць на далейшыя змены там - як пазітыўныя, так і негатыўныя.