2 траўня 2024, Чацвер, 7:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Ярашэвіч: Я ўжо даўно знаходжуся ў «чорных спісах»

8
Аляксандр Ярашэвіч: Я ўжо даўно знаходжуся ў «чорных спісах»

Журналіст Аляксандр Ярашэвіч выйшаў на волю пасля 12 дзён арышту.

Ля муроў турмы на вуліцы Акрэсціна яго сустракалі блізу 20 чалавек - сябры, журналісты і праваабаронцы.

У інтэрв'ю сайту charter97.org Аляксандр Ярашэвіч распавёў аб магчымых прычынах свайго арышту.

«6 траўня выходзілі на волю актывісты, якіх затрымалі на «Чарнобыльскім шляху». Мы былі сярод тых, хто сустракаў іх каля турмы на Акрэсціна. Першым выйшаў Ігар Трухановіч, пасля - актывісты «Еўрапейскай Беларусі» Аляксандр Тарнагурскі і Зміцер Чарняк. Калі людзі разыходзіліся, так выйшла, што мы з Дзмітрыем Галко сышлі ўдвох, асобна ад астатніх. Думаю, што «ўзялі» менавіта нас, бо гэта было прасцей. Ужо ў РУУС Маскоўскага раёна амонаўцы казалі, што ім далі загад затрымаць людзей, якія прыйшлі сустракаць актывістаў. Пры гэтым яны выдатна разумелі, што мы не вінаватыя і што іхныя паказанні - хлусня. Яны спускалі вочы і казалі, што проста выконваюць загад», - сказаў журналіст.

Аляксандр Ярашэвіч не выключае, што ягоны арышт мог быць і не выпадковым.

«Я ўжо даўно знаходжуся ў «чорных спісах». Калі расследавалася «справа анархістаў», у мяне дома правялі ператрус. Калегі выказалі здагадку, што арышт мог быць помстай за дапамогу ў выданні кнігі Ігара Аліневіча. Наогул, шукаць логіку там, дзе яе няма, вельмі складана», - сказаў ён.

Журналіст распавёў, што праз тое, што ў турме адлучылі гарачую ваду, у душы ён пабываў толькі адзін раз за 12 дзён.

Нагадаем, супрацоўнікі міліцыі затрымалі Ярашэвіча і Галко ўвечары 6 траўня на падыходзе да станцыі метро, калі тыя вярталіся з вуліцы Акрэсціна, дзе сустракалі асуджаных удзельнікаў акцыі «Чарнобыльскі шлях», якія выйшлі на волю. Журналісты былі затрыманыя без тлумачэння прычын і дастаўлены ў Маскоўскую РУУС Мінска. У дачыненні да іх былі складзеныя пратаколы паводле артыкулу 23.4 КоАП, журналісты правялі ноч у РУУС. На наступны дзень суд Маскоўскага раёна вынес ім прысуды ў выглядзе адміністрацыйнага арышту на 12 і 10 дзён.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках