Маскоўскія вуліцы назавуць па-беларуску
160- 20.05.2013, 21:21
На вуліцах расейскай сталіцы з'явяцца шыльды на беларускай мове.
Гэта будзе зроблена ў рамках Дня славянскай пісьменнасці з ініцыятывы мэрыі Масквы.
«Аб выкарыстанні кірылічнага алфавіту ў іншых краінах раскажуць шыльды на маскоўскіх вуліцах - Рождественке, Неглинной, Кузнецком мосту, Лаврушенском завулку ды іншых. Іх назвы будуць перакладзеныя на ўкраінскую, беларускую, балгарскую, сербскую і македонскую мову», - гаворыцца на сайце маскоўскага дэпартамента культуры.
Гэтак жа на вуліцах расейскай сталіцы з'явіцца «Размоўнік славянскіх моваў». Праект прадугледжвае размяшчэнне інфармацыйных плакатаў з фразамі, напісанымі на славянскіх мовах, заснаваных на кірыліцы, на спецыяльных інфармацыйных тумбах.
Дзень славянскага пісьменства і культуры адзначаецца ў Расеі з 1986 года. Раней месцам правядзення свята кожны год станавіўся новы горад. Аднак з 2010 года была прынятая пастанова, што асноўныя ўрачыстасці заўсёды будуць арганізаваныя ў Маскве.
Адзначым, што далёка не ва ўсіх беларускіх населеных пунктах шыльды з назвамі вуліц зробленыя па-беларуску.