Мясніковіч вырашае праблему «паўкабана»
148- 23.05.2013, 10:24
Прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч займаецца рашэннем самых важных пытанняў у дзяржаве.
Прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч правёў у Доме ўрада нараду па пытаннях арганізацыі забою сельскагаспадарчых жывёл.
Пра гэта гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Саўміна.
Ва ўрадзе канстатуюць, што жыхары Беларусі могуць цяпер правесці забой жывёл на мяса ў 147 цэхах забою, у тым ліку ў 83 цэхах спажывецкай кааперацыі па ўсёй рэспубліцы.
«Міхаіл Мясніковіч даручыў Белкаапсаюзу актывізаваць працу па стварэнні пунктаў (цэхаў) забою жывёлы. Пры гэтым звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць павышэння якасці аказваемых паслуг, зніжэння кошту, глыбіню перапрацоўкі прадукцыі. Таксама пастаўленая задача стварыць забойныя цэхі ў кожным аграгарадку рэспублікі», - сказана ў прэс-рэлізе.
У Саўміне таксама запэўніваюць, што «пытанні забою сельскагаспадарчых жывёл, выгадаваных у асабістых падсобных і фермерскіх гаспадарках грамадзян, знаходзяцца на кантролі ўрада».
У Беларусі з 1 траўня гэтага года ўладальнікам асабістых падсобных гаспадарак забаронена ў сябе ў дварах забіваць хатнюю жывёлу - свіней, коней, кароў, а затым адвозіць іх на продаж. Каб зарабіць на продажы мяса і сала на рынках, уладальнікі жывёл павінны адвезці іх у спецыяльны цэх забою і заплаціць за адпаведныя паслугі.
Забой іншых прадуктыўных жывёл (напрыклад, трусоў) дапускаецца ў асабістых падсобных гаспадарках грамадзян пад кантролем спецыяліста ветэрынарнай службы.