Барыс Жэліба: Рыбакоў хоча прывезці з Мазамбіка ананасы і студэнтаў
7- 23.05.2013, 13:30
Праблемы з экспартам і рэалізацыяй складскіх запасаў прымушаюць беларускае кіраўніцтва шукаць рынкі збыту нават у Афрыцы.
Такое меркаванне сайту charter97.org выказаў эканаміст Барыс Жэліба, каментуючы візіт у Мазамбік намесніка міністра замежных спраў Беларусі Валянціна Рыбакова.
«Безумоўна, нейкі тавараабарот у Беларусі з Мазамбікам ёсць. Я памятаю, што ў Беларускім дзяржаўным універсітэце яшчэ ў 90-х гадах былі студэнты адтуль», - адзначыў эксперт.
Ён падкрэсліў, што паколькі ў нас такія праблемы з экспартам і запасамі гатовай прадукцыі на складах, то трэба шукаць рынкі збыту ў кожнай краіне, і завязваць адносіны з любой дзяржавай.
«Калі гаворка пра сельскую гаспадарку, то тыя ж самыя трактары або тэхніка «Гомсельмаша» адпавядаюць нейкаму сярэдняму міжнароднаму ўзроўню. Вядома, гэта не перадавыя ўзоры тэхнікі, і на Захадзе іх ніхто не купіць. Таму трэба шукаць сувязі з краінамі трэцяга свету», - дадаў эканаміст.
Ён лічыць, грошы будуць невялікія, але гэта пойдзе на карысць беларускай эканоміцы.
«Калі мы туды прададзім сельгастэхніку, а ў нас будуць вучыцца іх студэнты і плаціць нам валютай, то гэта будзе нядрэнна. Гаворачы пра тое, якія могуць яшчэ быць сферы супрацоўніцтва з гэтай далёкай афрыканскай краінай, то гэта можа быць абмен спецыялістамі і Беларусь можа ў гэтай сферы аказаць больш паслуг. У сваю чаргу, у Мазамбіка можна будзе нешта купіць, бо там жа растуць ананасы і іншыя экзатычныя культуры», - падсумаваў Барыс Жаліба.
Нагадаем, учора ў горадзе Мапуту намеснік міністра замежных спраў Беларусі Валянцін Рыбакоў сустрэўся з прэм'ер-міністрам Мазамбіка Альберту Вакінай.
Бакі абмеркавалі магчымыя напрамкі «двухбаковага ўзаемадзеяння з акцэнтам на перспектывах супрацоўніцтва ў сферы сельскай гаспадаркі, прамысловай кааперацыі, адукацыі, развіцця сельскіх раёнаў».