2 траўня 2024, Чацвер, 4:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ізраіль нанёс авіяўдар па Сірыі

70
Ізраіль нанёс авіяўдар па Сірыі

(абноўлена - 12.25) Ізраільскія ваенна-паветраныя сілы нанеслі авіяўдар па тэрыторыі Сірыі.

Пра гэта паведамляюць амерыканскія СМІ, цытуючы неназваных чыноўнікаў у ЗША, перадае BBC.

Па дадзеных крыніц, найбольш верагоднай мэтай Ізраіля быў збройны склад. Некаторыя кажуць пра тое, што Ізраіль баяўся перадачы сірыйскай зброі ліванскай шыіцкай групоўцы «Хезбала».

Афіцыйнага пацверджання інфармацыі пра ўдар ад уладаў Сірыі або Ізраіля пакуль няма.

Раней прэзідэнт ЗША Барак Абама заявіў, што ён не лічыць верагодным сцэнар развіцця падзей у Сірыі, пры якім можа спатрэбіцца ўвод амерыканскіх войскаў у гэтую краіну. Гэта заява прагучала на фоне турботы з-за магчымага выкарыстання хімічнай зброі ў Сірыі.

Выступаючы падчас візіту на Коста-Рыку, Абама зноў падкрэсліў, што неабвержны доказ выкарыстання хімічнай зброі сірыйскім урадам, калі ён з'явіцца, «зменіць правілы гульні». Пры гэтым прэзідэнт дадаў, што не будзе спяшацца з мерамі ў адказ.

«Варожыя самалёты»

Па словах крыніц амерыканскіх СМІ, авіяналёт, як мяркуецца, адбыўся ў чацвер або пятніцу, але ізраільскі самалёт не ўваходзіў у паветраную прастору Сірыі.

Прадстаўнік амбасады Ізраіля ў Вашынгтоне адмовіўся каментаваць паведамленні аб авіяўдары.

Разам з тым, ён заявіў агенцтву Рэйтэр: «Мы можам сказаць, што Ізраіль рашуча настроены прадухіліць перадачу тэрарыстам, асабліва - «Хезбале» ў Ліване - хімічнай або іншай зброі, якая зменіць правілы гульні».

Амбасадар Сірыі ў ААН паведаміў, што не ведае пра які-небудзь напад на сваю краіну з боку Ізраіля.

Тым часам нацыянальнае інфармагенцтва Лівана працытавала прэс-рэліз войска гэтай краіны, у якім гаварылася, што два ізраільскіх ваенных самалёта ў пятніцу парушылі паветраную прастору над горадам Рмеіш.

«Варожыя самалёты праляцелі па крузе над тэрыторыяй Лівана», - гаворыцца ў паведамленні.

Раней на гэтым тыдні міністр абароны Ізраіля Мошэ Яалон прызнаў, што гэтая краіна ў студзені нанесла авіяўдар па аб'екце ў Сірыі.

Па словах міністра, перадача высокатэхналагічных відаў зброі такім радыкальным узброеным групоўкам, як «Хезбала», была «чырвонай лініяй» для Ізраіля, і, калі гэтая рыса была пройдзеная, Ізраілю прыйшлося дзейнічаць.

Без уводу войскаў

Прэзідэнт Абама заявіў, што не можа нічога выключаць, бо «абставіны змяняюцца». Пры гэтым ён не лічыць, што сцэнар з «амерыканскімі чаравікамі на сірыйскай зямлі» можа прынесці карысць ЗША ці Сірыі.

Амерыканскі прэзідэнт ужо параіўся з лідарамі блізкаўсходніх краін, і яны падзяляюць яго пазіцыю, заявіў Абама.

Гэтыя заявы прагучалі на фоне паведамленняў праваабаронцаў аб тым, што больш за 40 чалавек былі забітыя ў чацвер войскам Сірыі ў вёсцы Аль-Байда на паўночным захадзе краіны. Дзяржаўныя СМІ ўсклалі адказнасць за інцыдэнт на «тэрарыстаў», а галоўная апазіцыйная група Сірыі абвінаваціла ўрад у «масавай разні».

Абама раней заяўляў, што ў амерыканскіх спецслужбаў ёсць доказ выкарыстання хімзброі ў Сірыі, але яны не ведаюць, «калі, дзе і як». ЗША асцерагаюцца, што праз урад Сірыі хімічная зброя патрапіць «у рукі такіх арганізацый, як «Хезбала» ў суседнім Ліване.

Раней міністр абароны ЗША Чак Хейгела заявіў, што Вашынгтон больш не выключае магчымасці пастаўляць зброю паўстанцам. Ён стаў першым чыноўнікам у ЗША, які публічна прызнаў такую магчымасць.

«Узбройваць паўстанцаў - гэта варыянт, - сказаў Хейгела. - Вы разглядаеце іх і абдумваеце ўсе магчымасці. Гэта не азначае, што вы гэта робіце ці будзеце рабіць. Гэта магчымасці, якія трэба разглядаць разам з міжнароднай супольнасцю».

З'яўленне сведчанняў выкарыстання ў Сірыі хімзброі, у тым ліку зарына, узмацніла ціск на ўлады ЗША. Як адзначае карэспандэнт Бі-бі-сі ў Вашынгтоне Кім Гатас, амерыканскія ўлады, не жадаючы прамога ваеннага ўварвання, сталі разглядаць узбраенне паўстанцаў як найменш дрэнную магчымасць.

Некаторыя саюзнікі ЗША, у тым ліку Катар і Саудаўская Аравія, ужо забяспечваюць зброяй розныя групы, якія змагаюцца з сіламі прэзідэнта Башара Асада.

«Лужыны крыві»

Імёны людзей, як мяркуецца, забітых у чацвер у вёсцы Аль-Байда, апублікавалі дзве арганізацыі - Сырыйскі цэнтр маніторынгу за выкананнем правоў чалавека і Цэнтр дакументацыі парушэнняў.

На відэа, якое з'явілася ў інтэрнэце, меркавана паказаныя сем целаў у лужынах крыві. Па дадзеных Сірыйскага цэнтра маніторынгу, дзесяткі жыхароў вёсцы Аль-Байда былі застрэленыя, заколатыя нажом або спаленыя жыўцом.

Зыходзячы з наяўных дадзеных, Аль-Байда - пераважна суніцкая вёска, размешчаная ў раёне, большасць жыхароў якога члены секты алавітаў. Да гэтага неартадаксальнага адгалінавання шыіцкага ісламу належыць і сям'я Асадаў.

Па дадзеных ААН, за два гады канфлікту ў Сірыі загінула больш за семдзесят тысяч чалавек. Больш за мільён чалавек уцяклі з краіны, тады як яшчэ мільёны былі вымушаныя пакінуць свае дамы і ратавацца ўцёкамі ўнутры Сірыі.

Напісаць каментар 70

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках