2 траўня 2024, Чацвер, 4:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Багданкевіч: Урад і Нацбанк зноў надзімаюць «мыльную бурбалку»

36
Станіслаў Багданкевіч: Урад і Нацбанк зноў надзімаюць «мыльную бурбалку»

У эканоміку ўкідваюцца нічым не забяспечаныя грошы, што вядзе да інфляцыі.

Нацбанк Беларусі мае намер на наступным тыдні разгледзець пытанне аб зніжэнні стаўкі рэфінансавання, паведаміла кіраўнік Нацыянальнага банка Беларусі Надзея Ермакова, адказваючы на пытанні журналістаў у парламенце: «На наступным тыдні ў нас будуць падставы разглядаць пытанне аб зніжэнні стаўкі рэфінансавання».

Яна не сказала, наколькі знізіцца стаўка рэфінансавання, але тое, што яна знізіцца - гэта дакладна, піша camarade.biz.

У цяперашні час стаўка рэфінансавання складае 27% гадавых, Нацбанк зніжаў яе двойчы ў бягучым годзе з 17 красавіка і з 13 сакавіка на 1,5 адсоткавых пункта. Да гэтага стаўка заставалася на ўзроўні 30% на працягу паўгоддзя. Чарговае паніжэнне стаўкі рэфінансавання Надзея Ермакова патлумачыла дзікімі поспехамі беларускай эканомікі. Нібыта, інфляцыя ў красавіку ў нас была ніжэй прагнозных паказчыкаў, а рост ВУП за першы квартал года склаў 3,5%.

Між тым, былы кіраўнік галоўнага банка краіны Станіслаў Багданкевіч называе зніжэнне стаўкі рэфінансавання палітычным крокам і заяўляе, што ніякіх перадумоў для зніжэння стаўкі няма.

«З пазіцыі цэнтральнага банка краіны зніжэнне стаўкі рэфінансавання цяпер - гэта няправільны крок, - заявіў эксперт у інтэрв'ю карэспандэнту сайта «Товарищ.online». - Трэба спачатку дамагчыся зніжэння інфляцыі не да 10-12%, а да 3-5%, і тады ўжо паніжаць стаўку. Зніжэнне стаўкі рэфінансавання ў дадзены момант выгадна ўладзе для таго, каб дамагчыся росту ВУП за кошт танных фінансавых рэсурсаў для прадпрыемстваў, аднак да эканомікі такі рост ВУП мае мала дачынення».

Паказчыкам па інфляцыі, якія рэгулярна прадстаўляе Нацыянальны статыстычны камітэт, экс-старшыня праўлення галоўнага банка краіны не давярае: «Кошты пастаянна растуць. Я не ведаю, як інфляцыю лічыць Белстат, у мяне жонка рост коштаў лічыць. Любы чалавек, які ходзіць у краму, бачыць, што кошты растуць пастаянна і па ўсіх пазіцыях. Нельга пры росце інфляцыі зніжаць стаўку рэфінансавання».

І, акрамя таго, па яго словах, рост ВУП у дадзеных умовах не тое што бескарысны, а нават небяспечны для беларускіх прадпрыемстваў і беларускай эканомікі.

«Паглядзіце. У нас усе склады забітыя непрададзенай прадукцыяй. Мы што, будзем яе і надалей вырабляць «на склад»? У нашых прадпрыемстваў ёсць вялізная дэбіторская запазычанасць з боку партнёраў. Калі ім так патрэбныя грошы, то яны павінны не ў банк за таннымі крэдытамі ісці, а прадаць сваю прадукцыю, і спагнаць грошы з даўжнікоў. Тады беларускія прадпрыемствы атрымаюць проста мільярды даляраў, і крэдыты ім будуць ні да чаго», - кажа Багданкевіч.

На яго думку, у такім «палітычным рашэнні» аб зніжэнні стаўкі рэфінансавання Саўмін канчаткова «даціснуў» Нацбанк: «Можна казаць пра тое, што Нацбанк лёг пад Урад у вырашэнні гэтага пытання. Таму што зніжэнне стаўкі рэфінансавання павінна ісці не наперадзе, а следам за зніжэннем коштаў. Зніжэння коштаў у нас не назіраецца, а назіраецца, наадварот, рост».

Ён падкрэслівае, што Урад і Нацбанк зноў надзімаюць «мыльную бурбалку», якая мае ўласцівасць лопацца: зніжаючы стаўку рэфінансавання, выдаючы больш танныя крэдыты прадпрыемствам, якія за кошт крэдытаў павялічваюць зарплату, а прадукцыю грузяць на склады, не прадаючы яе. У эканоміку, такім чынам, укідваюцца нічым не забяспечаныя грошы, што вядзе да інфляцыі.

«Усё гэта можа скончыцца вельмі сумна», - рэзюмуе эксперт.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках