Аршанскія ўлады наважылі падзарабіць на Дні Перамогі
33- 7.05.2013, 21:59
Кошты прадуктаў, якімі будуць гандляваць на вуліцах Оршы 9 траўня, рэзка павялічаныя ў некалькі разоў.
Пра гэта charter97.org паведаміў чытач сайта.
«У Оршы прайшла нарада райвыканкама, на якой быў дадзены наказ - усім мясцовым гандлёвым арганізацыям у перыяд святкавання Дня Перамогі арганізаваць выязны гандаль на вуліцах горада. Аднак было адзначана, што, напрыклад, кошт гарэлкі павінен быць не менш за сто тысяч рублёў за бутэльку. Усе крамы ў радыусе 500 метраў ад месцаў святкавання павінны быць зачыненыя. Такім чынам выканкам наважыў папоўніць бюджэт і спустошыць кішэні насельніцтва», - напісаў чытач.
Такая практыка распаўсюджаная ў Оршы, таксама, як і ў іншых гарадах Беларусі падчас правядзення афіцыйных масавых гулянняў.
Рэдакцыя сайта charter97.org звярнулася па каментар у аддзел гандлю Аршанскага райвыканкама, але атрымала адмову ў даволі грубай форме.
«Не зразумела, а хто вы такія, што я павінна вам даваць справаздачу? Я праз тэлефон ніякай інфармацыі не даю. Я не бачу, што вы журналіст, і хто мне тэлефануе. Я не бачу вашага журналісцкага пасведчання. Да пабачэння», - заявіла чыноўніца райвыканкама, кінуўшы слухаўку.
Застаецца незразумелым, якімі прававымі нормамі кіраваліся мясцовыя ўлады, усталёўваючы такія кошты на спіртныя напоі і закрываючы пры гэтым крамы. Згодна з заканадаўствам, яны павінны былі абмежаваць продаж алкаголю ў радыусе 500 метраў ад месцаў правядзення святочных гулянняў.