2 траўня 2024, Чацвер, 3:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кубінскі дысідэнт: Рауль Кастра вывучае вопыт Лукашэнкі

30
Кубінскі дысідэнт: Рауль Кастра вывучае вопыт Лукашэнкі

Гільерма Фарыньяс перасцерагае Захад ад супрацоўніцтва з дыктатарамі.

Кубінскі рэжым, гэтак жа як і беларускі, гандлюе палітвязнямі, забараняе сваім апанентам выезд з краіны і спрабуе «адмыць» свой імідж за мяжой. У Гаване, як і ў Менску, вельмі разлічваюць на крэдыты Еўропы і ЗША.

Пра гэта ў інтэрв'ю польскаму выданню «Gazeta Wyborcza» (пераклад - charter97.org) распавёў вядомы кубінскі журналіст і дысідэнт, лаўрэат прэміі Сахарава Гільерма Фарыньяс.

Яго бацькі былі рэвалюцыянерамі, а яго бацька ваяваў разам з Эрнэста Чэ Геварай у Конга. Гільерма Фарыньяс вучыўся ў ваенным вучылішчы ў СССР і служыў у кубінскім войску. У існуючым рэжыме канчаткова расчараваўся ў 1989 годзе пасля арышту і пакарання генерала Арнальда Ачоа. З тых часоў знаходзіцца ў апазіцыі да ўрада Кастра.

Гільерма Фарыньяс правёў у турмах за сваю грамадскую і палітычную дзейнасць больш за 11 гадоў, 23 разы абвяшчаў галадоўкі. Падчас адной з іх у 2010 годзе ён ледзь не памёр і быў змешчаны ў рэанімацыю. Кубінскі рэжым быў вымушаны пайсці на саступкі і выканаць яго патрабаванне аб вызваленні 52 дысідэнтаў з турмаў.

Гільерма Фарыньяс быў узнагароджаны прэміяй імя Андрэя Сахарава, заснаванай Еўрапейскім парламентам, але выехаць у Брусэль і атрымаць яе змог толькі ў гэтым годзе. Улады Кубы, якія неаднаразова называлі дысыдэнта «крымінальнікам», пагадзіліся выпусціць яго з краіны.

«Рэжым спрабуе «адпаліраваць» свой імідж у вачах дэмакратычных краін. Яму вельмі патрэбныя крэдыты і інвестыцыі з ЗША і Еўропы. У Гаване разумеюць, што субсідыі, якія Куба атрымлівае з Венесуэлы і дзякуючы якім выжывае, хутка скончацца. Дзеля гэтага выпускаюць на свабоду некаторых палітвязняў, а апазіцыянерам дазваляюць выехаць з краіны», - кажа Гільерма Фарыньяс.

Кубінскі дысідэнт адзначае, што Рауль Кастра і яго асяроддзе ўважліва вывучаюць вопыт іншых дыктатараў і аўтакратаў, у першую чаргу - мастацтва гандлю з заходнімі краінамі дзеля ўласнага выжывання.

Гильермо Фариньяс. Фото: Bartosz Bobkowski

«На працягу некалькіх гадоў рэжым вывучае вопыт Расеі, Беларусі, Украіны. Ён спрабуе капіяваць іх лінію паводзін у дачыненні да заходніх краін», - кажа ён. На пытанне аб тым, ці можна параўнаць палітыку кубінскіх уладаў з пераўтварэннямі ў камуністычным Кітаі ці познім СССР, дысідэнт адказвае: «Хутчэй, з паводзінамі Лукашэнкі. Дазвол на выкарыстанне мабільных тэлефонаў і Інтэрнэту - гэта спроба забяспечыць «мяккую пасадку» для Рауля Кастра ў выпадку крызісу».

Ён заяўляе, што дэмакратычныя краіны не павінны дапускаць гэтага і выступае супраць зняцця санкцый, якія дзейнічаюць у дачыненні да ўладаў Кубы.

Дысідэнт пералічвае пяць галоўных патрабаванняў апазіцыі.

«Мы патрабуем безумоўнага вызвалення палітвязняў і спынення рэпрэсій. Іх 82 чалавекі. Таксама кубінцам трэба даць свабодны доступ да інфармацыі, дазволіць стварэнне палітычных партый і арганізацый. Усе грамадзяне краіны, у тым ліку і тыя, якія былі вымушаныя пакінуць яе, павінны мець права на ўдзел у сацыяльным, палітычным і эканамічным жыцці Кубы. Гавана абавязаная таксама ратыфікаваць і выконваць Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека», - кажа дысідэнт.

Гільерма Фарыньяс заявіў, што дыктатарскаму рэжыму верыць нельга, таму што ўсе «рэформы», якія ён праводзіць, пераследуюць толькі адну мэту - выжыць як мага даўжэй, атрымаўшы заходнія грошы.

«Д'ябал страціць сваю працу, калі Кастра патрапіць у пекла», - кажа ён.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках