2 траўня 2024, Чацвер, 3:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Настаўнікі, якія сталі падпольшчыкамі

2

Валерый Мазынскі зняў фільм пра «Звяз беларускіх патрыётаў» - падпольную арганізацыю, якая дзейнічала пасля Другой сусветнай вайны.

Стужка называецца «Глыбоцкая змова», перадае тэлеканал «Белсат».

Пасля таго, як Беларусь вызвалілі ад нацысцкіх захопнікаў, паступова ў краіне адраджалася нармальнае жыццё. Аднак з пэўнымі «асаблівасцямі». Сістэма адукацыі была цалкам русіфікаваная. «Калі немцы нам не забаранялі вучыцца і ведаць сваю гісторыю і культуру, то чаму зараз мы не можам гэтага рабіць?» - успамінае адна з гераінь фільма. Сябры «Звяза беларускіх патрыётаў» - маладыя настаўнікі - змагаліся з павальнай русіфікацыяй і імкнуліся выхаваць нацыянальна свядомых дзяцей, хай і ў савецкіх школах.

Савецкія ўлады адназначна ўспрымалі падпольную арганізацыю як варожую. У 1947 годзе савецкія спецслужбы разграмілі «Звяз беларускіх патрыётаў», арыштаваўшы большасць сяброў. Трое актывістаў пачулі смяротны прысуд, які замянілі на 25 гадоў зняволення. На розныя тэрміны, ад 8 да 20 гадоў, асудзілі яшчэ каля 40 чалавек.

Рэжысёр кінастужкі Валерый Мазынскі кажа, што пра гісторыю стварэння «Звязу беларускіх патрыётаў» ён даведаўся ў 1990-я гады. Сёння гэтая тэма, на думку стваральніка фільма, актуальная і надзённая.

«Мне здаецца, што сёння яна самая важная для Беларусі. Гэта - школа. Гэта - настаўнік. Не бацькі, а менавіта настаўнік. І гэтая гісторыя пра тое, як за тры гады свядомыя настаўнікі, былыя выпускнікі Віленскай гімназіі, здолелі ўкласці сваім навучэнцам столькі і такога, што тыя нават сёння, сыходзячы ў іншы свет, успамінаюць іх самымі лепшымі словамі, да гэтага часу застаўшыся патрыётамі сваёй радзімы», - кажа Валерый Мазынскі.

Рэжысёр распавёў, што ў здымках фільма бралі ўдзел школьнікі менавіта таго рэгіёну, дзе адбываліся гістарычныя падзеі вакол «Звязу беларускіх патрыётаў». Аднак зняць хоць бы некалькі фрагментаў для фільма ў памяшканні школ не ўдалося. «Вядома, іншая сітуацыя зараз у краіне, але ў настаўніках сядзіць такі жудасны страх, што, як кажуць, часам нават і не смешна. Яны баяцца ўжо адзін аднаго. З іншага боку - гэта працяг падзей 60-гадовай даўніны, сітуацыя не змянілася і сёння. Яны ахвяравалі сабой дзеля бел-чырвона-белага сцяга, дзеля «Пагоні», беларускай мовы. Сёння моладзь таксама вымушаная прыносіць сябе ў ахвяру за тыя самыя каштоўнасці, пра якія мы кажам у сваім фільме», - дадае Валерый Мазынскі.

Кінадраматург Уладзімір Халіп кажа, што яшчэ з дзяцінства ведаў пра падпольную арганізацыю.

«Я з Ушацкага раёна, гэта нашы суседзі, і ў нашым краі хадзілі пра іх чуткі, многія добра пра іх ведалі. Усе ставіліся да іх як да сапраўдных герояў. Не было ніякага асуджэння, хоць і ўвесь час савецкая прапаганда рабіла з іх ворагаў народа - маўляў, фашысты пакінулі тут сваё падполле», - распавядае Уладзімір Халіп.

«Калі да мяне звярнуўся Валерый Мазынскі і прапанаваў супрацоўніцтва, я ахвотна пагадзіўся. Яшчэ жывыя некаторыя ўдзельнікі тых падзей. Мы сустрэліся з выдатнымі людзьмі. Я ўпэўнены, што многія пераканаюцца ў тым, якія чыстыя душы ў іх. А той, хто абвясціў іх ворагамі народа, свядома здзейсніў злачынства, каб зганьбіць самых лепшых з беларусаў», - дадаў кінадраматург.

На яго думку, удзельнікі «Звязу беларускіх патрыётаў» на паўстагоддзя апярэдзілі свой час, бо зразумелі, што беларусам для захавання нацыі патрэбная ўласная незалежная краіна.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках