Эдуард Лобаў дамогся разгляду сваёй скаргі ў пракуратуры
- 14.06.2013, 10:34
- 11,323
Скаргу палітвязня паўторна разгледзяць у пракуратуры.
Пра гэта Эдуард Лобаў паведаміў маці, Марыне Лобавай, у тэлефоннай размове з Івацэвіцкай калоніі, дзе ён адбывае свой тэрмін пакарання, перадае «Радыё Рацыя».
«Ён казаў, што ў яго ўсё па-ранейшаму, усё нармальна. Адзінае, што ёсць навіны па яго скарзе ў пракуратуру, на якую прыйшоў адказ. Цяпер паўторна разгледзяць яго скаргу пра тое, што суд недастаткова разгледзеў яго справу, пра несправядлівы прысуд, пра ўтрыманне ў СІЗА на Валадарскага і пра допыты ў КДБ без адваката», - распавяла маці палітвязня.
Марына Лобава скептычна ставіцца да таго, што скарга будзе разгледжаная належным чынам.
Нагадаем, маладафронтавец Эдуард Лобаў асуджаны на 4 гады калоніі па абвінавачанні ў хуліганстве, ён адбывае пакаранне ў Івацэвіцкай калоніі. Яго і лідара «Маладога фронту» Змітра Дашкевіча абвінавацілі ў тым, што яны нібыта збілі мінакоў у Менску. Гэта здарылася за дзень да прэзідэнцкіх выбараў. У судзе «пацярпелыя» давалі паказанні, схаваўшы твары ад публікі. Лобаў і Дашкевіч заявілі, што бойку справакавалі спецслужбы.