9 чэрвеня 2026, aўторак, 20:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Шушкевіч: ЕЗ павінен паступаць у дачыненні да дыктатара, як ЗША

9
Станіслаў Шушкевіч: ЕЗ павінен паступаць у дачыненні да дыктатара, як ЗША

У адрозненне ад Еўразвяза, ЗША праводзяць цвёрдую і паслядоўную палітыку ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.

Такое меркаванне сайту charter97.org выказаў першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, каментуючы падаўжэнне Злучанымі Штатамі Амерыкі на год санкцый супраць Лукашэнкі і яго атачэння.

«ЗША, на шчасце, праводзяць разумную і паслядоўную палітыку, а Еўропа працягвае мітусню. Гэта звязана з вялікай блытанінай. Я толькі вярнуўся з Вільні, дзе мы на круглым стале абмяркоўвалі гэтыя праблемы. На вялікі жаль, ёсць вельмі шмат людзей, у тым ліку і сярод нашых былых суседзяў па Савецкім Саюзе, якія вельмі дрэнна ўяўляюць, што ў нас адбываецца, і забыліся, што было ў іх краінах. Больш за тое, яны выступаюць дакладчыкамі па беларускіх пытаннях. Фактычна яны садзейнічаюць станаўленню дыктатуры», - лічыць палітык.

Ён падкрэсліў, што самае крыўднае заключаецца ў тым, што ў нас у Беларусі з'явіліся так званыя апазіцыянеры, якія патураюць і садзейнічаюць такому падыходу.

«Мы ўсе разам дамовіліся, што без вызвалення і поўнай рэабілітацыі палітвязняў, не будзе ніякіх крокаў. А яны здраджваюць, таму што не ўмеюць нічога рабіць акрамя, як быць «грантасмокамі». Гэтыя людзі імкнуцца атрымаць заходнія гранты і пасля нічога не робяць з імі, акрамя таго, што спажываюць гэтыя сродкі. Гэта вельмі добра прагучала на канферэнцыі. Пэўныя асобы, якія ў жыцці нічога не зрабілі, адкрываюць свае канторы ў адным, другім, трэцім горадзе і кажуць пра прадстаўніцтва трох нейкіх структур, а структур гэтых няма», - заявіў Станіслаў Шушкевіч.

Ён перакананы, што Еўропа арыентуецца не на тых, на каго трэба.

«Мы на круглым стале казалі, што ў свой час, калі была дапамога Польшчы, усе арыентаваліся на аўтарытэтных людзей, а не на штучныя структуры. І шмат такіх структур зроблена нашым КДБ, на іх арыентуецца і іх слухае Еўропа. Добра, што Злучаныя Штаты прытрымліваюцца паслядоўнай і нармальнай палітыкі. Я рады гэтаму. Амерыканцы мне падабаюцца не заўсёды, але яны не мітусяцца, і гэта адназначна, а Еўропа возіцца. Яна ў 2006 годзе, так бы мовіць, здала нашу апазіцыю, сказаўшы, што ніякіх умоваў да Лукашэнкі выстаўляць не будзе, і зараз зноў пачынае патроху здаваць, таму што не ведае, што рабіць», - падкрэсліў палітык.

Нагадаем, ЗША на год падоўжылі санкцыі супраць беларускага кіраўніка і яго атачэння.

Дакумент пра іх падаўжэнне падпісаны прэзідэнтам ЗША Баракам Абамам 13 чэрвеня 2013 года.

Летам 2006 года распараджэннем прэзідэнта Джорджа Буша ЗША заблакавалі ўласнасць і актывы дзесяці прадстаўнікоў кіраўніцтва Беларусі, у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі, Віктара Лукашэнкі, Лідзіі Ярмошынай (старшыня ЦВК), Віктара Галаванава (былы міністр юстыцыі), Віктара Шэймана (былы памочнік Лукашэнкі па асаблівых даручэннях), Змітра Паўлічэнкі (былы камандзір САХРа), Сцяпана Сухарэнкі (былы старшыня КДБ), Аляксандра Зімоўскага (былы старшыня Белтэлерадыёкампаніі), Уладзіміра Навумава (былы міністр унутраных спраў), Наталлі Пяткевіч (былая намесніца кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі).

Санкцыі прадугледжваюць блакаванне ўласнасці і актываў пералічаных беларускіх чыноўнікаў. Амерыканскім кампаніям забаронена заключаць з імі здзелкі.

Таксама адзначым, нядаўна стала вядома пра адмену еўрапейскіх санкцый супраць дзвюх беларускіх фірмаў - «Аквадзіў» і «Спорт-пары» - і былога намесніка галоўнага рэдактара «Советской Белоруссии» Ганны Шадрынай. Пра гэта гаворыцца ў рашэнні Рады ЕЗ ад 29 траўня 2013 года.

Адным з уласнікаў СТАА «Малінаўшчызненскі спіртагарэлачны завод «Аквадыў» праз даччыныя структуры з'яўляецца «кашалёк» Лукашэнкі Уладзімір Пефціеў. Кампанія патрапіла пад дзеянне абмежавальных мер ЕЗ 23 сакавіка мінулага года.

Сузаснавальнікам ЗАТ «Спорт-пары» з'яўляецца спартыўны клуб Лукашэнкі, які ўзначальвае яго сын Зміцер. Санкцыі супраць яе былі ўведзеныя 20 чэрвеня 2011 года.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках