Намесніка Ладуцькі пакінулі ў турме
18- 14.06.2013, 17:16
- 28,513
Прысуд былому першаму намесніку старшыні Менгарвыканкама Ігару Васільеву пакінуты ў сіле.
Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда Беларусі ў пятніцу разгледзела ў касацыйным парадку скаргу адваката былога першага намесніка старшыні Менскага гарвыканкама Ігара Васільева і пакінула ў сіле прысуд Менскага абласнога суда, які прысудзіў чыноўніка да 14 гадоў пазбаўлення волі.
«У касацыйнай скарзе Васільеў выказаў просьбу аб зніжэнні тэрміну пакарання, абаронца асуджанага прасіла адмяніць прысуд і спыніць вытворчасць па крымінальнай справе. Вызначэннем судовай калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага суда прысуд Менскага абласнога суда пакінуты без зменаў, касацыйная скарга асуджанага і яго адваката без задавальнення», - паведаміла агенцтву «Інтэрфакс-Захад» прэс-сакратар Вярхоўнага суда Марыя Лапо.
У Вярхоўным судзе нагадалі, што абвінавачаны Васільеў, з'яўляючыся першым намеснікам старшыні Менскага гарвыканкама, рэалізуючы чэшскі інвестыцыйны праект па будаўніцтве ў Менску прадпрыемства па перапрацоўцы смецця з выкарыстаннем плазменнага рэактара, меў намер атрымаць хабар у памеры $500 тыс. У 2012 годзе Васільеў атрымаў у сваім службовым кабінеце палову абумоўленай з чэшскімі інвестарамі сумы - $250 тыс.
Дзеянні Васільева Менскім абласным судом кваліфікаваныя па ч.3 арт. 430 КК, як атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры службовай асобай, якая займае адказнае становішча. За дадзенае злачынства Менскі абласны суд прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 14 гадоў з канфіскацыяй усёй маёмасці, а таксама з пазбаўленнем права займаць пасады ў органах дзяржаўнай улады і кіравання, звязаныя з ажыццяўленнем функцый прадстаўніка ўлады, тэрмінам на 5 гадоў, з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Нагадаем, сёння Лукашэнка на нарадзе нагадаў пра справу Васільева, падкрэсліўшы, што Менгарвыканкам складаецца цалкам з карупцыянераў.