19 красавiка 2024, Пятніца, 6:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сакрэтная хвароба перакінулася на віцебскіх свіней

54
Сакрэтная хвароба перакінулася на віцебскіх свіней

Невядомыя з дапамогай міліцыі канфіскуюць жывёл у Віцебскім раёне.

Пра гэта charter97.org паведаміў чытач сайта.

«У пасёлку Ліпаўцы Віцебскага раёна і суседніх пасёлках Асінаўка і Шапечына на працягу апошніх 2-х месяцаў дохнуць свінні. Але на дадзены момант усё абвастрылася аж да таго, што cельсавету далі загад канфіскаваць у насельніцтва свіней, забіць і закапаць у спецыяльнай яме ў вёсцы Ільічоўка. Ніхто не прадстаўляецца, не тлумачыць, чаму ў людзей гвалтоўна забіраюць свіней з удзелам міліцыі. Магчыма, гэта ўтоенасць звязаная з тым, што баяцца адмовы Расеі ад мяса з Беларусі, так як да Смаленска рукой падаць. Каранцін ніхто не абвяшчае гарадскія ўлады кажуць, што ўсё ў парадку, няма ніякай свіной чумы», - адзначыў чытач.

Іншыя чытачы паведамляюць пра тое, што забой свіней пачаўся ў Стаўбцоўскім, Карэліцкім, Валожынскім, Іўеўскім, Лідскім, Навагрудскім і некаторых раёнах Віцебскай вобласці.

Учора наш сайт пісаў пра масавую ўтылізацыю свіней на прыватных падворках Валожынскага раёна.

Рэдакцыя charter97.org звярнулася за падрабязнасцямі ў Шапечынскі сельсавет, але ўсе тры нумары на працягу гадзіны былі занятыя. Мабыць, там цяпер сапраўдны аўрал.

Першы намеснік старшыні Віцебскага райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Вышылаў інфармацыю не абверг, але паведаміў, што дэталёва дадзеная інфармацыя да яго не даведзеная, і прапанаваў звярнуцца ў Віцебскую раённую ветэрынарную станцыю.

У прыёмнай нам заявілі, што нічога не могуць сказаць з гэтай нагоды, а кіраўніцтва знаходзіцца на выездзе, і невядома, калі будзе.

Нагадаем, у красавіку гэтага года на свінакомплексе «Усходні», які належыць Баранавіцкаму камбінату хлебапрадуктаў, быў зафіксаваны вялікі падзеж жывёлы. Мясцовае кіраўніцтва катэгарычна абвяргала любую інфармацыю пра НЗ, але пры гэтым раён свінакомплексу быў ачэплены міліцыяй, а мясцовыя жыхары пацвярджалі, што ажыццяўляецца масавае пахаванне жывёл.

Самай распаўсюджанай версіяй таго, што адбываецца, была эпідэмія афрыканскай чумы свіней, якая фіксуецца ў суседніх краінах. Наяўнасць эпідэміі магла прывесці да забароны паставак беларускага мяса ў Расею.

Напісаць каментар 54

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках