5 траўня 2024, Нядзеля, 22:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менскія гандляры-нелегалы: «Нас мінакі часта абараняюць ад міліцыянтаў»

54

Відэа аблавы, якую ўчыніла пінская міліцыя на пенсіянераў, многіх шакавала.

Аблава, якую ўчынілі пінскія міліцыянты на пенсіянераў, якія гандлююць з асфальту, нарабіла ў інтэрнэце шмат шуму. На відэа, якое патрапіла ў сетку, выразна відаць, як пажылых людзей затрымлівалі, тыя супраціўляліся, а іх сілай упіхалі ў міліцэйскія аўтамабілі... Усіх затрыманых ужо асудзілі, а УУС Брэсцкага аблвыканкама заявіла, што правядзе праверку абгрунтаванасці прынятых мер з боку супрацоўнікаў пінскай міліцыі , піша «Комсомольская правда в Беларуси».

Фота: Віктар Гіліцкі

Тым часам нелегальных гандляроў шмат і ў Менску. Практычна каля кожнага рынку можна сустрэць пенсіянераў, якія гандлююць кветкамі, адзеннем, ягадамі...

У чацвер у 11 раніцы недалёка ад уваходу на адкрыты Камароўскі рынак пенсіянеркі ўжо расклалі свае латкі прама на клумбе.

- Гэта кветка алоэ. Усяго 10 тысяч каштуе, - кажа бабуля ў халаце і з палачкай. - У мяне лецішча няма, так я ў сябе дома кветачкі саджаю. А міліцыю я чагосьці не заўважаю. А чаго мне баяцца? У мяне ж не крадзенае! Сваё вырасціла, дык прадаю!

Пенсіянерка, якая сядзіць побач, пагаджаецца і ківае галавой:

- Нас убачаць і кажуць: «Ідзіце». Мы збіраемся і сыходзім.

У падземным пераходзе недалёка ад Камароўкі дзядуля прадае прыгожыя букеты лілей.

- Кветкі сам вырошчваю, - кажа 83-гадовы пенсіянер. - Ну, міліцыянт адзін убачыў мяне, але не пагнаў. Прадаю ўсяго пяць букетаў. Каштуе букет 40 тысяч. У мяне ж дзеці ёсць. Камусьці трэба кватэру дапамагчы купіць.

Фота: Віктар Гіліцкі

На выхадзе з метро «Каменная Горка» гандляры ўладкаваліся прама на асфальце. Падыходзім да жанчыны са шкляначкамі прыгожай маліны.

- Я прадаю сваю маліну, і ўсе заробкі ў мяне кожны год сыходзяць на аплату падатку за зямельны ўчастак. А гэта 300 даляраў! Дзе мне іх узяць? З-за хранічных захворванняў на працу мяне ніхто не бярэ... А да пенсіі ўсяго два гады. Думаю, што людзі самі павінны зрабіць выбар і прагаласаваць рублём за тавар.

- А міліцыя вас затрымлівала?

- Так, мяне затрымлівалі. Мне тады стала дрэнна. Я прасіла міліцыянта: «Не хапайце мяне, калі ласка, я пайду». Але мяне адвезлі ў пастарунак, куды выклікалі «хуткую». І ў такім стане я падпісвала пратакол! Гэта жудасна і абразліва! Я плачу падаткі для таго, каб з мяне здзекаваліся? - кажа жанчына са слязамі на вачах. - Бывае, што мінакі абараняюць нас ад міліцыянтаў. І тады яны адыходзяць.

Фота: Віктар Гіліцкі

Да нас падыходзіць пенсіянерка, якая не можа схаваць сваё абурэнне. Жанчына падводзіць нас да свайго латка.

- Радыс, кроп, буракі, ягады - усё гэта вырашчана на маім агародзе. З гэтым таварам я сёння прыйшла на мясцовы рынак. Гатовая была заплаціць 60 тысяч за месца перад уваходам на рынак. Але, як мне растлумачылі, ягаду я магу прадаць, а кабачок, буракі нельга! Для гэтага ёсць іншае месца. Але як жа я магу разарвацца?

Фота: Віктар Гіліцкі

Каля «Заходняга» рынка ўздоўж тратуарнай дарожкі выстраіліся нелегалы - большасць пенсіянеры. Людзі стаяць плячом да пляча, расхвальваючы мінакам свой тавар.

- Чаму пенсіянеры не могуць прадаць лішкі са свайго агароду? - абураецца жанчына. - Я ж толькі вішню прадаю!

- А мы толькі з міліцыі! - кажа іншая жанчына, якая гандлюе дурніцай разам са сваёй пляменніцай. - На мяне склалі пратакол. А вось пляменніцу адпусцілі - у яе торба пустая была. Каб заняць тут месца, мы ўстаем у 4 раніцы! Едзем у Менск з Асіповічаў! Дурніцу ж збіраем з раніцы да вечара.

- Колькі ў дзень прадаеце дурніцы?

- Калі міліцыя не ганяе, літраў 50 разам прадаем.

Заўважаем школьніка з вядзерцам маліны.

- Тут я з паловы дванаццатай раніцы. Прыехаў з братам з дачы і адразу сюды, - распавядае 12-гадовы хлопчык. - Ён прадаў вядро і пайшоў, а я застаўся гандляваць. Грошы трацім на кішэнныя выдаткі. А міліцыя да мяне не падыходзіць.

Напісаць каментар 54

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках