28 красавiка 2024, Нядзеля, 9:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прафсаюзны актывіст падаў у суд на «Граніт»

10
Прафсаюзны актывіст падаў у суд на «Граніт»

У судзе Лунінецкага раёна пачаўся разгляд справы аб аднаўленні на працы актывіста Беларускага незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве «Граніт».

Як паведаміў charter97.org лідар мясцовай ячэйкі БНП Алег Стахаевіч, яго калега Леанід Дубаносаў не згодны са сваім звальненнем з размешчанага ў Мікашэвічах РУВП «Граніт», паколькі мяркуе, што з ім не працягнулі працоўны кантракт выключна ў сувязі з дзейнасцю ў незалежным прафсаюзным руху. Фактычна Дубаносава звольнілі за тое, што ён праігнараваў настойлівыя патрабаванні адміністрацыі спыніць пералік узносаў на рахунак прафсаюзнай арганізацыі праз бухгалтэрыю прадпрыемства.

Кантракт з Леанідам Дубаносавым, які працаваў на «Граніце» памочнікам машыніста экскаватара, павінны былі падоўжыць 16 траўня, аднак у той час ён знаходзіўся ў адпачынку. Калі ж Дубаносаў выйшаў на працу, яго не дапусцілі на прадпрыемства ахоўнікі, паведаміўшы аб звальненні.

У сваёй судовай позве працоўны «Граніту» патрабуе не толькі аднаўлення на працы, але і спынення дыскрымінацыі паводле прафсаюзнай прыкметы. Акрамя таго Дубаносаў адзначае, што, паводле калектыўнай дамовы, адміністрацыя прадпрыемства павінна выплаціць яму матэрыяльную дапамогу да адпачынку, чаго зроблена не было (прадстаўнік адказчыка сцвярджаў у судзе, што заявы на дапамогу Леанід нібыта не пісаў).

Паводле слоў Алега Стахаевіча суду таксама былі прадстаўлены вытрымкі з калектыўнай дамовы, згодна з якой з работнікамі прадпрыемства, якія маюць высокую кваліфікацыю і стаж, а таксама не атрымлівалі дысцыплінарных спагнанняў на працягу года, кантракт працягваецца аўтаматычна на тэрмін не менш за пяць гадоў. У справе Дубаносава фігуруюць нейкія дапушчаныя парушэнні, але з загадам аб прыцягненні да адказнасці ён быў азнаёмлены ўжо пасля звальнення.

Больш за тое, у судовым пасяджэнні высветлілася, што паведамленне аб звальненні было адпраўлена на адрас, па якім Дубаносаў не пражывае, а пад самім паведамленнем стаіць не яго подпіс, а іншага чалавека (пазоўнік прапанаваў параўнаць яго аўтограф, пастаўлены на іншых дакументах). Суд прыняў пастанову выклікаць у якасці сведкі паштальёна з Мікашэвічаў, каб высветліць, ці было дастаўлена працоўнаму гэтае апавяшчэнне. Наступнае пасяджэнне пройдзе 23 ліпеня.

Нагадаем, што ў канцы 2011-га года 600 рабочых прадпрыемства «Граніт», размешчанага ў Мікашэвічах, заявілі аб выхадзе з дзеючай на прадпрыемстве афіцыйнай прафсаюзнай арганізацыі і маюць намер стварыць альтэрнатыўную першасную структуру Беларускага незалежнага прафсаюза. Аднак зарэгістраваць незалежны прафсаюз не ўдавалася, паколькі для гэтага неабходна было атрымаць юрыдычны адрас, а адміністрацыя прадпрыемства адмаўляла ў выдзяленні памяшкання і працягнула ціск на прыхільнікаў новай арганізацыі.

З моманту стварэння суполкі незалежнага прафсаюзу на РУП «Граніт» былі звольненыя самыя актыўныя сябры незалежнага прафсаюза - Алег Стахаевіч, Мікалай Карышаў і яго жонка Маргарыта, Генадзь Паўлоўскі, Віталь Пашэчка, Людміла і Анатоль Літвінка.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках