Расейскія памежнікі пратаранілі лодку з украінскімі рыбакамі
43- 18.07.2013, 12:23
- 25,407
Двое грамадзян Украіны загінулі ў Азоўскім моры. Яшчэ двое прапалі без вестак.
Інцыдэнт адбыўся ўвечары 17 ліпеня. Лодка пацярпела крушэнне з-за таго, што яе пераследвалі расейскія памежнікі на катэры «Мустанг». Паводле інфармацыі крыніцы, памежнікі ўрэзаліся ў лодку, у выніку чаго яна перакулілася, піша сайт 0629.com.ua. Сутыкненне адбылося ва ўсходняй частцы Азоўскага мора, каля пасёлка Варанцоўка.
У Дзяржаўнай памежнай службе Украіны пацвердзілі гібель дваіх украінцаў, яшчэ двое абвешчаныя прапаўшымі без вестак. Вядуцца іх пошукі.
У сувязі з інцыдэнтам у Азоўскім моры ў МЗС выкліканы часовы павераны Расеі ва Украіне Андрэй Вараб'ёў, піша «Корреспондент».
Украінскі бок на сустрэчы прадстаўляў в.а. міністра замежных спраў Руслан Дземчанка, які выказаў занепакоенасць у сувязі з дзеяннямі расейскіх памежнікаў, якія, на думку ўкраінскага боку, былі празмернымі і не адпавядалі сітуацыі.
Акрамя таго, часовы кіраўнік украінскага МЗС уручыў расейскаму дыпламату ноту з патрабаваннем правядзення аб'ектыўнага расследавання інцыдэнту.
Таксама ў дакуменце адзначаецца, што Расея абавязаная прыняць меры для прадухілення падобных сітуацый у будучыні.
У сваю чаргу Вараб'ёў запэўніў, што расейскі бок забяспечыць пошук зніклых без вестак і рэпатрыяцыю целаў загінулых украінскіх грамадзян.
У МЗС таксама паведамілі, што на месца здарэння прыбыў Генконсул Украіны ў Растове-на-Доне.