23 красавiка 2024, aўторак, 16:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Савецкая Б.» і паляванне на нудыстаў

58
«Савецкая Б.» і паляванне на нудыстаў

З ідэолагамі не засумуеш.

«Савецкая Б.» гэты ўсебеларускі камертон высокай маральнасці, гэты компас маралі, які не дазваляе нашай шматпакутнай радзіме сысці з правільнага шляху, гэты пражэктар ідэалогіі паклапаціўся пра...нудыстаў. З аднаго боку гэта нібыта і зразумела - лета, пляжная тэма як ніколі актуальная. Як прыгрэе сонца, рабочыя і сяляне, а таксама інтэлігенты і бізнесмены, што далучаюцца да іх, імчаць на пляжы. Як жа пры такім зборышчы народу і без ідэалагічнай працы? Вось і «Савецкая Б.» тут як тут.

Такім чынам, Менскае мора, карэспандэнтка «Савецкай Б.», АМАП і нудысты.

Для пачатку некалькі цытат.

«Глядзіце, мне няма чаго саромецца, - падыходзіць да сяржанта міліцыі дама бальзакаўскага ўзросту і задзірае майку»

«Ні сораму, ні сумлення».

«Аматары негліжэ ўпарта супраціўляюцца ўсім спробам неяк іх апрануць, бо мяркуюць, што плаўкі - гэта сацыяльныя забабоны, а нудызм – праяўленне сапраўднай дэмакратыі».

Вось што значыць «глядзець у корань»! Нудыстам аказваецца не хапае сапраўднай дэмакратыі! Вось ужо 19 гадоў у Беларусі ёсць добрая традыцыя: тымі, каму не хапае дэмакратыі, займаецца АМАП. І, во цуд, ён ужо на месцы, ён не толькі дзейнічае, але і вяшчае.

«Так хутка і па вуліцах будуць голымі хадзіць, аргументуючы гэта тым, што так можна ў Нью-Ёрку ці Сан-Францыска. А чаму нельга ў нас»- заяўляе са старонак «Савецкай Б.» «камандзір групы АМАП» (так яго абазвалі ў газеце) Міхаіл Жызнеўскі.

Аўтар артыкула толькі з прыдыханнем дадае: «Упэўненая, што многія з ім пагодзяцца».

Ну і як тут не пагадзіцца. У нас вядома ж не Сан-Францыска і не Нью-Ёрк. Гэта вам любы школьнік пацвердзіць. Тым больш, што з АМАПам у нас звычайна пагаджаюцца. Калі раптам хтосьці праявіць упартасць і не пагодзіцца, то бравыя хлопцы выклічуць падмацаванне. Тады любы пагодзіцца. Пакуль інакш на прасторах нашай радзімы не атрымоўваецца.

І ўсё-ж у мяне пытанне.

Наконт «голыя-апранутыя» спрачацца не хачу, цікавіць іншае. Нудысты з Менскага мора - ворагі народа? Зразумела. А як тады быць са стрыптызёршамі з фіналу конкурсу «Міс-Менск 2013»? Яны ж па-ходу ніяк не ворагі, а нават наадварот. Яны ў нас проста прасунутыя і сучасныя.

Мне хто-небудзь можа растлумачыць, чаму стрыптызёршы - добра, а нудысты - дрэнна? Логікі няма. Ці ўсё ж такі ёсць? Калі прафесіяналы і ў кааперацыі з агітпрапам (СТВ, ОНТ або любы іншы БРСМ) - то можна, тады табе ўзнагарода і ты гонар горада, а калі аматары і самі па сабе, то нельга і сябрам табе будзе «камандзір групы АМАП» Міхаіл Жызнеўскі.

Неяк малазразумела атрымліваецца, нават для нашай прававой і дэмакратычнай дзяржавы. Аднак вернемся да ідэолагаў. З імі, як вядома, не засумуеш. Калі сабаку няма чаго рабіць... Вы ведаеце працяг. Калі ідэолагу няма чаго рабіць,... ён ворагаў шукае. Як сцвярджае «Савецкая Б.» за ўсё лета на Менскім моры было складзена 5 (пяць) пратаколаў на нудыстаў.

Вось яна глыбіня праблемы! Цэлых пяць пратаколаў!

«І яны яшчэ змагаюцца за ганаровае званне дома высокай культуры побыту»!

Ну нічога, зараз, пасля таго, як орган адміністрацыі Лукашэнкі напісаў, а апарат прачытаў, справа пойдзе!

Як там у вядомай песеньцы спяваецца:

«Калі хто-небудзь дзе-нідзе ў нас часам

Шчыра жыць не хоча,

Значыць, зноў нам ісці ў нябачны бой,

Так прызначана лёсам для нас з табой -

Служба дні і ночы»

А то бачыш ты «сапраўднай дэмакратыі» ім захацелася!

Анджэй Пачобут, спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 58

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках