Беларускі дыктатар хоча рэфармаваць Рускую праваслаўную царкву (Відэа)
392- 26.07.2013, 17:53
- 161,278
Яму не падабаюцца велізарныя храмы і доўгія малебны.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што Праваслаўная Царква мае патрэбу ў рэфармаванні, піша «Інтэрфакс».
«Увесь свет змяняецца, развіваецца, больш за тое, змяняецца не так, як хацелі б мы, і не так, як хацела б Царква. З майго пункту гледжання, калі змяняецца свет, то і Царква павінна змяняцца. Мне здаецца, што мы на парозе нейкай рэформы Праваслаўнай Царквы», - адзначыў беларускі кіраўнік, Лукашэнка, наведваючы ў пятніцу Аквапарк, які будуецца ў Менску.
Пры гэтым ён сказаў: «Дзякуй Богу, што наша Царква не хварэе той заразай, якой захварэла царква на Захадзе. Пра гэта ўсе чулі: педафілія, «блакітныя», «ружовыя», «зялёныя», - чорт ведае што там робіцца».
«Але хварэць мы ўжо пачынаем, і думаю, тут Праваслаўная Царква з дзяржавай недапрацоўваюць. Мы можам страціць цэлае пакаленне моладзі. Дарэчы, пра гэта кажа і Папа Францыск», - адзначыў ён.
Лукашэнка падкрэсліў, што ён з'яўляецца прыхільнікам таго, «каб наша Царква паступова рэфармавалася, пачынаючы ад царкоўнай мовы». «Доўгія малебны, службы, пропаведзі. . . А дарослае пакаленне, бабулькі проста не вытрымліваюць гэтага», - заўважыў ён.
Таму, на яго думку, «трэба быць больш кароткімі, кампактнымі, больш сучаснымі».
«Я супраць таго, каб людзі прыходзілі і дзве-тры гадзіны слухалі малебен на нагах, не маючы магчымасці прысесці», - сказаў Лукашэнка.
Акрамя таго, ён з'яўляецца праціўнікам таго, каб Царква будавала «велічэзныя храмы». «Яны павінны быць утульнымі, для душы, не трэба гнесці чалавека», - сказаў ён.