20 траўня 2024, панядзелак, 17:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Трагедыя ў Менску: «Суседа застрэлілі прама на нашых вачах»

68
Трагедыя ў Менску: «Суседа застрэлілі прама на нашых вачах»

Мужчына з балкона выпусціў шрот у суседа, з якім варагаваў паўтара года.

- У галаве не ўкладаецца, як гэта магло адбыцца. Шок! Боль для нас усіх, - сведка трагедыі Аляксандр адварочваецца і плача, піша «Комсомольская правда в Беларуси».

Жыхары сталічнай пяціпавярхоўкі ў панядзелак доўга не адыходзілі ад месца трагедыі - лавачкі каля пад'езду. Каб не палохаць дзяцей, лужыну крыві ўжо засыпалі пяском. Суседзі моўчкі ўздыхалі, нервова палілі, плакалі. У гэтым старым доме ўсе жыхары сябруюць адзін з адным, ходзяць у госці, таму гібель 33-гадовага Уладзіміра многія ўспрынялі як асабістую трагедыю.

- У нядзелю Валодзя разам з сям'ёй вярнуўся з адпачынку, адпачывалі на Браслаўскіх азёрах. Такі задаволены, шчаслівы. Ён яшчэ развешваў рыбу на балконе, а мы смяяліся, што адпачынак атрымаўся, - успамінае суседка Ірына. - А вечарам мы выйшлі на лавачку каля пад'езду. Воўка вынес планшэт, стаў паказваць фатаграфіі. А ўсё, што адбылося потым, проста жудасць, мы нават апамятацца не паспелі. Лёня выйшаў на балкон другога паверха з паляўнічай стрэльбай, яго заўважыла жонка Валодзі і яшчэ паспела сказаць: «Пайшлі пад казырок пад'езда, а то стрэліць!». Але Валодзя ўстаў, павярнуўся спіной да Лёні са словамі: «Страляй». І тут пачуўся стрэл. Валодзя ўпаў, мы падбеглі да яго, а з рота палілася кроў.

Усё, што было далей, суседзі ўспамінаюць са слязамі.

- Выбеглі сыны-блізняты Валодзькі, сталі плакаць, крычаць: «Тата, ты толькі не памірай! Ты нам так патрэбны!». Ён у сваіх дзецях душы не чуў, ганарыўся, і ў школу на бацькоўскія сходы хадзіў, і на трэніроўкі, спаборніцтвы вазіў, хлапчукі сур'ёзна займаюцца спортам. Як толькі грамату атрымаюць, Валодзя адразу ўсім суседзям паказваў. Дзеці сталі рабіць яму штучнае дыханне, мы кінуліся выклікаць «хуткую», міліцыю, але медыкі прыехалі толькі праз 15 хвілін, хоць станцыя знаходзіцца недалёка ад дома. Ужо потым эксперты сказалі, што ў Валодзю выпусцілі шрот і налічылі 18 адтулін, - кажа відавочца Аляксандр.

Мужчына памёр на месцы здарэння. Затрымліваць 52-гадовага Леаніда прыехаў спецназ, як раз у гэты час з працы вярталася жонка стрэлка, і суседзі ёй усё распавялі. Жанчына была ў жаху, бо ў кватэры знаходзілася іх дачка, і невядома, што яшчэ мог зрабіць п'яны муж. А ў заўзятага паляўнічага Леаніда дома было не адно ружжо. У той жа вечар на яго надзелі кайданкі.

- Чорная котка паміж Валодзем і Лёнем прабегла паўтара гады таму. Лёня - прадпрымальнік, узяў да сябе на працу Валодзю, але ўзніклі нейкія праблемы, і ён не выплаціў заробак працоўным, у тым ліку і Валодзю - каля 6 мільёнаў. Усе звярнуліся ў суд, але Лёня папрасіў Валодзю па-суседску пазоў не даваць, пачакаць. Увогуле, грошы атрымалі ўсе, акрамя Валодзькі. З тых часоў яны былі ворагамі. У мінулым годзе Валодзя нават пабіў Лёню, была бойка, разбіралася міліцыя, - успамінаюць падрабязнасці сябры загінулага менчука.

Кажуць, Леанід не раз пагражаў забіць суседа, але ніхто гэтым словам не надаваў значэння. Маўляў, ці мала што людзі, якія варагуюць, могуць адзін аднаму нагаварыць. А ў нядзелю Уладзімір сам вырашыў памірыцца з суседам, яны нават выпілі разам, а на развітанне Леанід сказаў: «Ты павінен быць шчаслівы, што я табе дараваў», на што Уладзімір адказаў: «Ды пайшоў ты». Пасля гэтых слоў Уладзімір пайшоў з суседзямі на лавачку, а Леанід дастаў з сейфа гладкаствольную стрэльбу і выйшаў на балкон.

- Лёня быў моцна п'яны, ён мог, вядома, выпіць, але не быў алкаголікам. Усё ж у яго была фірма, трэба было быць заўсёды ў форме, - успамінаюць суседзі. - Вы ведаеце, у Валодзі ў ліхія 90-е кілер застрэліў бацьку, ён быў буйным чыноўнікам і адным з найбагацейшых людзей у краіне. А вось зараз застрэлілі і самога Валодзьку...

АФІЦЫЙНА

- Упраўленнем Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па г. Менску ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 2 арт. 139 КК «Забойства». Санкцыя артыкула прадугледжвае пакаранне - пазбаўленне волі на тэрмін ад васьмі да дваццаці пяці гадоў, або пажыццёвае зняволенне, або смяротнае пакаранне. Праведзенымі першапачатковымі следчымі дзеяннямі ўстаноўлена, што падазраваны знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення. Матывы здзяйснення злачынства высвятляюцца. Падчас агляду месца здарэння выяўленыя і канфіскаваныя прадметы, якія маюць доказнае значэнне па справе, у тым ліку і прылады здзяйснення злачынства, - пракаментавала афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Юлія Ганчарова.

Напісаць каментар 68

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках