У Францыі разбіўся турыстычны аўтобус
7- 11.08.2013, 14:16
- 10,480
На поўдні Францыі ў ноч на 11 жніўня разбіўся турыстычны аўтобус, загінулі два чалавекі.
Як паведамляе Le Monde, у выніку аварыі шпіталізаваныя 30 чалавек, стан траіх ацэньваецца як крытычны.
Аўтобус кампаніі Eurolines ехаў з Марсэля ў іспанскую Мурсію. Уначы ён вылецеў з трасы А9 у дэпартаменце Од і зваліўся ў абрыў глыбінёй у некалькі метраў. Прычыны аварыі пакуль не ўстаноўленыя. Паліцыя не выключае, што ў ДТЗ вінаваты кіроўца, піша Lenta.ru.
Пакуль паведамленні французскай прэсы аб наяўнасці расейцаў сярод пацярпелых праверыць не ўдалося.
У сваю чаргу ІТАР-ТАСС у прэфектуры дэпартамента Од паведамілі, што сярод загінулых расейцаў дакладна няма. Пакуль толькі адзін чалавек заявіў, што ён з Расеі. Ён атрымаў лёгкія траўмы, пагрозы яго жыццю няма. Пры гэтым грамадзянства некаторых пацярпелых устанавіць пакуль не ўдалося.
На месцы здарэння працавалі больш сотні ратавальнікаў, для эвакуацыі пацярпелых задзейнічалі чатыры верталёта. Усяго ў аўтобусе ехалі 44 чалавекі, большасць з іх былі французамі і іспанцамі.