23 красавiка 2024, aўторак, 16:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Альгірдас Буткявічус: Будаўніцтва АЭС у Беларусі нельга пачынаць

26
Альгірдас Буткявічус: Будаўніцтва АЭС у Беларусі нельга пачынаць

Прэм'ер-міністр Літвы заклікаў спыніць падрыхтоўку да будаўніцтва АЭС у Астраўцы.

Згодна з патрабаваннямі Канвенцыі Эспоо (Канвенцыя аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансмежным кантэксце), будаўніцтва АЭС у Беларусі нельга пачынаць, заявіў Альгірдас Буткявічус.

«Калі казаць пра Астравецкую АЭС, варта прызнаць, што Камісія Эспоо ацаніла гэты праект негатыўна. Згодна з патрабаваннямі канвенцыі, будаўніцтва гэтага аб'екта не можа пачацца. Мы выдатна разумеем унутранае жаданне і мэту Беларусі распараджацца сваёй энергетычнай сістэмай, але пры рэалізацыі гэтага яна павінна строга выконваць патрабаванні Эспоо», - сказаў Буткявічус у аўторак у інтэрв'ю радыёстанцыі LRT.

Ён таксама раскрытыкаваў публічную прэзентацыю АЭС, якая была праведзеная ў Беларусі, перадае «Інтэрфакс».

«Усе ж гэтыя размовы, якія арганізуюцца ў Беларусі, я лічу пэўнай акцыяй Беларусі, жаданнем выканаць пэўную працу з грамадскасцю. Але калі глядзець на патрабаванні, якія вылучаюцца Канвенцыяй Эспоо, то Беларусь павінна зразумець, што яны павінны даслаць афіцыйнае запрашэнне, напрыклад, міністэрству навакольнага асяроддзя, якое каардынуе гэтыя пытанні, звязаныя з ацэнкай уплыву на навакольнае асяроддзе. А таксама павінна быць арганізаванае мерапрыемства з беларускага боку з запытам да Літвы, калі яны маглі б прыехаць у Літву і выкласці сваю пазіцыю», - растлумачыў прэм'ер.

Канвенцыя Эспоо ААН прадугледжвае, што публічныя спрэчкі з нагоды ацэнкі ўплыву на навакольнае асяроддзе могуць праводзіцца, калі эксперты зацікаўленых бакоў цалкам азнаёмяцца з адпаведнымі дакументамі.

Камітэт па рэалізацыі Канвенцыі Эспоо ААН у красавіку гэтага года абавязаў Беларусь працягнуць працэдуры ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў адпаведнасці з патрабаваннямі канвенцыі, каб адказаць на ўсе зададзеныя Літвой пытанні і ацаніць усе каментары.

Нагадаем, у суботу ў Беларусі адбылася прэзентацыя беларускай АЭС, якая была падвергнутая крытыцы з боку Вільні. Грамадзянам Літвы было прапанавана прыехаць у Беларусь па бясплатных візах, транспарт падаваў беларускі бок. Між тым, як паведаміла літоўская газета Lietuvos rytas, грамадзян, якія жадалі паехаць гэтымі аўтобусамі ў Астравец, аказалася вельмі мала. Паводле яе дадзеных, на гэта мерапрыемства з Літвы прыехалі сто чалавек. Па дадзеных газеты, такое мерапрыемства Менск абавязаны правесці для літоўцаў у адпаведнасці з Канвенцыяй Эспоо, якую ён ратыфікаваў.

У мінулы панядзелак кіраўнік МЗС Літвы заявіў, што Вільня чакае ад Менска адказаў аб бяспецы будучай АЭС.

Фота: Karolio Kavolėlio, Alfa.lt

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках