4 траўня 2024, Субота, 15:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Барацьба з чумой свіней або «харчразвёрстка»?

60
Барацьба з чумой свіней або «харчразвёрстка»?

Меры, якія прымаюць улады для барацьбы з афрыканскай чумой свіней, падобныя на манапалізацыю мяснога рынку.

Афрыканская чума свіней - захворванне дастаткова небяспечнае і капрызнае. Ад яго не памірае ніхто, акрамя саміх свіней, але свінні паміраюць практычна на 100%. Мяса заражаных свіней можна ўжываць у ежу, на здароўі чалавека гэта ніяк не адбіваецца, за выключэннем таго, што чалавек становіцца разносчыкам заразы. Распаўсюджванне віруса АЧС адбываецца пры кантактах свіней з носьбітамі хваробы, і праз корм. Вакцыны ад захворвання няма - дапамагае толькі бяскроўны забой жывёлы. А паколькі толькі забой і з'яўляецца панацэяй ад хвароб, улады, падобна, вырашылі забіць усіх свіней у краіне, піша camarade.biz.

Пакуль праблему абмяркоўваюць толькі фермеры і людзі, у якіх забіваюць свіней на прыватных падворках. Прычым, дамагчыся інфармацыі ад улады з нагоды АЧС практычна немагчыма. На свой зварот аб тым, каб улада ў трохдзённы тэрмін апублікавала план барацьбы з АЧС, фермеры атрымалі поўнае маўчанне. Гэта прымусіла іх стварыць альтэрнатыўны, грамадзянскі штаб барацьбы з чумой: ён быў створаны 20 жніўня ў Менску.

Улады змагаюцца з чумой неяк дзіўна, падкрэсліваюць фермеры. Напрыклад, актывіст аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Мікалай Баўсюк з Гродна пагаварыў з некаторымі з тых, хто трымае свіней.

«Па маіх дадзеных, на дзяржаўных свінакомплексах перавытворчасць мяса. Аднак там свіней не знішчаюць», - кажа ён.

На яго думку, нічога не робіцца цяпер і для барацьбы з дзікамі, якія таксама з'яўляюцца разносчыкамі заразы. Ёсць загады пра тое, каб вакол свінафермаў былі знішчаныя свінні на асабістых падворках ў радыусе пяці кіламетраў: «Аднак калі такія аб'явы вывешваюцца, невядома, ад каго яны зыходзяць, у які тэрмін трэба знішчыць свіней і да якога тэрміну такой каранцін працягнецца. На гэтых паперах няма подпісаў, што ставіць іх законнасць пад сумнеў».

У некаторых месцах «пяцікіламетровая зона» замененая наогул невядома якой: у зону знішчэння свіней трапляюць і пасёлкі, якія размешчаны ў сямі-васьмі, а часам і 10 кіламетрах ад свінакомплексаў.

Васіль Сіліверст з Гомельскай вобласці распавёў, што ў гэтым рэгіёне таксама ўлады ліквідуюць невялікія свінафермы. Хоць афіцыйна ў Беларусі толькі два ачагі АЧС. Ці адносіцца Гомельшчына да пяцікіламетровай санітарнай зоны - пытанне.

Акрамя таго, па ветэрынарных правілах, забой свіней спыняецца праз 30 дзён пасля гібелі апошняй жывёлы ад гэтай хваробы. Улічваючы, што эпідэмія АЧС дала ведаць пра сябе паўтара месяцы таму, а людзей усё яшчэ прымушаюць забіваць уласных свіней, ні пра якую перамогу ў барацьбе са злом і гаворкі ісці не можа. Альбо гэта азначае, што ачагоў АЧС у нас значна больш, чым два афіцыйных.

І яшчэ пытанне: улады вырашылі стварыць буферную зону на мяжы з Літвой і Латвіяй. Згодна з праектам, на адлегласці 20 кіламетраў ад мяжы не павінна быць ніводнага парсюка. Літоўцы кажуць «дзякуй», і на тэрыторыі 10 кіламетраў ад мяжы з Беларуссю ўсяго толькі «рэкамендуюць» не мець свіней, а гаспадаркі перапрафіляваць на вырошчванне птушкі. Прычым, Літве гэта зрабіць вельмі добра: у святле барацьбы з АЧС фермеры атрымаюць грошы на перапрафіляванне не толькі ад уладаў, але і ад Еўразвяза. Нашым фермерам і кампенсацыі за забой свіней дамагчыся складана.

Жыхар вёскі Стаўры Віцебскай вобласці Ігар Грышанаў паведаміў, што ўлады ў барацьбе са свіннямі робяць наогул усё, што хочуць.

«Я звярнуўся да старшыні сельсавета: дайце пісьмовы ўказ аб ліквідацыі свіней. Мне адказалі: указ не даем. Пасля ў працоўны час старшыня сельсавета хадзіў з участковым па вёсцы, урываўся ў асабістыя гаспадаркі, ламаў дзверы хлявоў, і глядзеў, ці ёсць там свінні. У адсутнасць гаспадароў і наогул без усякага на тое права. Я афіцыйна звярнуўся ў пракуратуру з нагоды гэтых дзеянняў, пракуратура маўчыць», - кажа ён.

«Мне толькі старэйшыя людзі распавядалі, што такое паляванне за свіннямі і асабістай жывёлай было ў часы «харчразвёрсткі». Ці ў часы Хрушчова, калі ліквідаваліся асабістыя гаспадаркі. Тады людзі свіней вывозілі ў лес, стваралі там «схроны» для парсюкоў, дзяжурылі там пазменна. Думаю, зараз шмат хто вернецца да нашай партызанскай тактыкі», - кажа Ігар Грышанаў.

Але больш за ўсё жыхароў абурае тое, што ўлады, прымушаючы народ «убіраць» сваіх свіней, ніяк не чапаюць дзяржаўныя свінакомплексы. Хоць менавіта ад свінакомплексаў і пайшла эпідэмія чумы. Прычым, на думку фермераў, многія свінакомплексы наогул пабудаваныя з парушэннем усіх правілаў - у 300 метрах ад населеных пунктаў і на водных артэрыях.

У выніку фермеры прыйшлі да высновы: такім чынам улада з чумой не змагаецца. Бо, калі няма сістэмнага плана барацьбы з АЧС, меры барацьбы з ёй хаатычныя, без плана, то гэта прывядзе толькі да распаўзання чумы на ўсю Беларусь. А значыць, дзяржава апынецца манапалістам у галіне продажу свініны.

Вось многія фермеры і задумваюцца: гэта барацьба з АЧС, або проста «харчразвёрстка» з мэтай зрабіць манаполію на мяса?

Напісаць каментар 60

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках