Вікторыя Азаранка: Спадзяюся, мы з Серэнай сустрэнемся ў фінале US Open
11- 24.08.2013, 8:45
- 10,104
У першым крузе Адкрытага чэмпіянату ЗША спаборніцай беларускай тэнісісткі будзе немка Дзіна Пфіцэнмайер.
Вікторыя Азаранка разлічвае дайсці да фіналу US Open і сустрэцца ў ім з амерыканкай Серэнай Уільямс, якую яна падолела ў фінальным матчы турніру ў Цынцынаці некалькі дзён таму.
«Я выдатна сябе адчуваю цяпер. Цудоўна, што мне ўдалося правесці выдатны тыдзень у Цынцынаці перад US Open. Серэна - самая складаная спаборніца для мяне апошнія гады, таму перамога ў Цынцынаці пасля некалькіх паразаў надасць мне ўпэўненасці. Спадзяюся, мы сустрэнемся ў фінале US Open і правядзем яшчэ адзін цікавы матч.
Я добра падрыхтавалася да турніру і з нецярпеннем чакаю яго пачатку», - цытуе другую ракетку свету сайт championat.com.
У першым раўндзе жаночага адзіночнага разраду Вікторыя Азаранка сустрэнецца з прадстаўніцай Нямеччыны Дзінай Пфіцэнмайер (99). Гэта будзе другая сустрэча 24-гадовай беларускі і 21-гадовай немкі. Іх першая гульня адбылася ў мінулым годзе на «Ралан Гарос», і тады Азаранка без праблем перамагла ў двух сэтах з аднолькавым лікам 6:1.
Яшчэ адна беларуская тэнісістка Вольга Гаварцова (75) у стартавым матчы будзе гуляць супраць адной з вядучых тэнісістак планеты - кітаянкі На Лі (6).
Беларус Максім Мірны і румын Хорыя Тэкау даведаюцца пра сваіх спаборнікаў у парным разрадзе ў панядзелак, 26 жніўня, калі на кортах «Флашынг Медоўз» стартуюць спаборніцтвы ў асноўнай сетцы US Open.
Цяперашні чэмпіянат ЗША стане 113-ы лікам, а яго агульны прызавы фонд складзе больш за $33 млн. Фінішуе турнір 9 верасня, калі адбудзецца фінальны двубой мужчынскага адзіночнага разраду.
Фота: Pat Lovell-USA TODAY Sports