19 траўня 2024, Нядзеля, 13:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мытны Саюз дабівае беларускую эканоміку

40
Мытны Саюз дабівае беларускую эканоміку

Новая хваля падаражання жыцця ў Беларусі пачнецца з бензіну.

У бліжэйшай перспектыве беларусаў чакае шматразовае павышэнне коштаў на паліва. Першае падаражанне чакаецца ўжо ў верасні, пік росту коштаў запланаваны на наступны год. Такім чынам улады маюць намер вырашыць праблему выпадаючых з-за запаволення эканомікі даходаў бюджэту, піша «Независимая газета».

«Паводле нашых ацэнак, у рэспубліканскі бюджэт недапаступіла 9 трыльёнаў рублёў», - паведаміў на мінулым тыдні журналістам намеснік міністра фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч. Прычына - зніжэнне тэмпаў эканамічнага развіцця. «У першую чаргу гэта звязана са зніжэннем паступленняў па падатку на прыбытак, з прычыны таго што прыбытак у эканоміцы пакідае жадаць лепшага», - прызнаўся ён. Больш, чым планавалася, прыйдзецца накіраваць сродкаў на падтрымку прампрадпрыемстваў, распавёў намеснік міністра.

Гаворка ідзе пра кампенсацыю з бюджэту адсоткавых ставак па крэдытах у памеры стаўкі рэфінансавання. Вярстаючы бюджэт, урад зыходзіў з таго, што стаўка рэфінансавання будзе імкліва зніжацца, аднак гэтага не здарылася. Мясцовыя эканамісты, каментуючы гэтыя нестыкоўкі, не прамінулі нагадаць, што спраўдзіліся іх прагнозы - у мінулым годзе яны папярэджвалі, што ўмоваў для росту эканомікі на 8-9%, а таксама зніжэння стаўкі рэфінансавання няма. Нагадаем, што цяперашні бюджэт Беларусі звярстаны як бездэфіцытны. Зыходзячы са сказанага Ермаловічам, вынікае, што дэфіцыт складзе 7%.

На фоне заяваў пра маючы адбыцца дэфіцыт у шэрагу мясцовых СМІ са спасылкай на інфармаваныя крыніцы з'явілася інфармацыя пра планы ўрада пакрыць гэты дэфіцыт за кошт нафтаперапрацоўкі і аўтаўладальнікаў, а менавіта шляхам павышэння акцызаў на паліва. Ужо ў верасні іх плануецца павысіць на 30-40%, а паколькі ў кошце нафтапрадуктаў іх доля досыць вялікая, то гэта немінуча прывядзе да іх падаражання. Паводле ацэнак экспертаў, на 5-7% мінімум. Аднак яшчэ больш сюрпрызаў абяцае беларусам 2014 год. Раней ужо паведамлялася пра прапановы Мінфіна па зменах у Падатковы кодэкс. З прычыны зніжэння аб'ёмаў прыбылі стаўку падатку на яе абяцаюць знізіць (з цяперашніх 18 да 12%), а стаўку незалежнага ад эканамічных вынікаў працы падатку на дададзены кошт - павысіць (з 20 да 22%). Што тычыцца акцызаў на паліва, то за наступны год яны павінны вырасці ў 2,5-3 разы.

Хуткі наступ беднасці на ўзроўні дзяржавы пастаянна анансуе Лукашэнка. Мясцовыя назіральнікі калекцыянуюць папярэджанні кіраўніка дзяржавы пра тое, на чым у бліжэйшай перспектыве пачнуць эканоміць.

«Навукоўцы - разумныя людзі. Павінны зарабіць і сабе, і дзяржаве», - сказаў Лукашэнка, папярэджваючы пра скарачэнне выдаткаў на навуковую дзейнасць. Са сказанага ім вынікае, што пра фундаментальную навуку Беларусі і зусім прыйдзецца забыцца.

«Больш шалёных грошай у спорце не будзе», - заявіў ён з нагоды яшчэ аднаго традыцыйнага артыкулу выдаткаў. З каментароў спартсменаў можна зрабіць выснову, што да іх шалёныя грошы і раней не даходзілі. Ужо паведамлялася пра ўказанні Лукашэнкі аптымізаваць ваенныя выдаткі, засяродзіўшы іх на самых важных напрамках, выдаткі на ўтрыманне чыноўнікаў (скарачэнне 20%) і нават настаўнікаў. Абяцанае на новы сезон і павышэнне тарыфаў ЖКГ. Сталічным прыбіральшчыцам, напрыклад, дазволілі прыбіраць пад'езды двойчы ў месяц па прычыне немагчымасці аплаціць больш за частую ўборку. У стадыі абмеркавання - увядзенне падатку на непрацуючых.

Мясцовыя эканамісты мяркуюць, што канец сацыяльнай дзяржавы ў Беларусі наступіць у 2014 годзе. Прычына эканамічных праблем не новая і за 19 гадоў кіравання Лукашэнкі зацухмоленая да дзірак. Праблема ў імкненні Лукашэнкі захаваць планава-дырэктыўную эканоміку савецкага ўзору, заснаваную на высокай цэнтралізацыі сродкаў у бюджэце і дзяржаўнай уласнасці. Беларускі кіраўнік, відаць, нічога не чуў пра эканамічныя перадумовы краху СССР і неэфектыўнасць дзяржсектара. Як вынік - высокія падаткі, іх неэфектыўнае размеркаванне, крадзеж і карупцыя, адсутнасць прыватнага бізнесу і любых іншых інвестыцый, акрамя дзяржаўных. Да нядаўніх часоў падтрымліваць такую «беларускую эканамічную мадэль» удавалася дзякуючы расейскім энэргетычным датацыям, але зараз іх колькасць, хоць і не знікла зусім, але ўсё ж значна зменшылася. Да таго ж плён прыносіць і Мытны Саюз. Бізнес-эксперты папярэджвалі: для нярынкавай беларускай эканомікі ўваходжанне ў Мытны Саюз можа скончыцца крахам. Трэба альбо рэфармавацца, альбо не ўступаць у падобныя альянсы, сцвярджалі яны на стадыі абмеркавання гэтай ідэі. Сёння эксперты кажуць і пра згубны ўплыў новага ўтварэння на эканоміку Расеі з прычыны дрэннай прапрацоўкі ўмоваў гандлю.

«Мы стварылі вельмі дрэнныя ўмовы для ўзаемнага тавараабмену. Стварэнне Мытнага саюза было вялікім праколам. Экспарт Беларусі ўпаў на 25%», - канстатуе беларускі эканаміст Леанід Заіка.

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках