7 траўня 2024, aўторак, 11:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менчукі патрабуюць адстаўкі Ладуцькі

137
Менчукі патрабуюць адстаўкі Ладуцькі

Пратэсты супраць ушчыльнення ахопліваюць новыя раёны Менска.

Сярод патрабаванняў іх удзельнікаў з'явіліся і палітычныя, у прыватнасці - адстаўка кіраўніка гарвыканкама Мікалая Ладуцькі, паведамляе тэлеканал «Белсат».

Ушчыльненне забудовы Менска, якое актыўна праводзяць улады сталіцы, апошнім часам стала праблемай не толькі для мікрараёна Уручча. Супраць рэканструкцыі, якая няўхільна прывядзе да знішчэння часткі дваровых тэрыторый, выступаюць і жыхары вуліцы Калініна. Тут на месцы старога садка гарадскія ўлады плануюць пабудаваць тры шматпавярховікі.

«Фактычна, у нас не застанецца зялёных зон, не будзе дзе гуляць з дзецьмі. Мы застанемся ў каменных джунглях», - кажуць удзельнікі стыхійнага мітынгу, на якім 2 жніўня абмяркоўвалі праблему. - Увесь цэнтр Менска цяпер забіваюць новабудоўлямі. Гэта не развязвае праблему. Ну, тысяча чалавек, ну, пару тысяч... Глабальна трэба асвойваць новыя тэрыторыі, весці камунікацыі».

Аднак будаваць новыя дамы ля старых прасцей і, галоўнае, танней. Пры гэтым, як паказвае практыка, інтарэсы жыхароў сталіцы папросту ігнаруюцца. Па сутнасці, пытанне ўшчыльнення забудовы на вуліцы Калініна нават не выносілі на грамадскія слуханні, што ўжо з'яўляецца парушэннем заканадаўства.

«Мы папрасілі ў адміністрацыі Першамайскага раёна, каб нам паведамілі, у якіх медыя і калі была апублікаваная аб'ява пра грамадскія слуханні. Ужо год мы лістуемся з усімі без выключэння інстанцыямі і ніхто нам гэтай інфармацыі не дае. З чаго мы зрабілі выснову, што ніякай аб'явы не было», - кажа жыхарка дома на вуліцы Калініна Маргарыта Павільчук.

Змагацца супраць ушчыльнення менчукі пастанавілі разам, вызначыліся з часам і месцам правядзення адмысловага сходу. Аднак працаўнікі ЖЭСа напярэдадні пазрывалі ўлёткі з аб'явай аб яго правядзенні, а найбольш актыўных запрасілі на размову ў адміністрацыю Першамайскага раёна. Пусцілі ж у будынак далёка не ўсіх, хто захацеў прысутнічаць на сустрэчы з чыноўнікамі.

«Яны не хочуць пускаць туды групу падтрымкі. Яны мяркуюць, што жыхары іншых мікрараёнаў або іншых дамоў не маюць права падтрымаць нас і выказаць сваё меркаванне. Гэта, безумоўна, з'яўляецца парушэннем нашых канстытуцыйных правоў», - кажа Маргарыта Павільчук.

Мітынг незадаволеных дзеяннямі ўладаў жыхароў усё ж адбыўся. Яны склалі і зачыталі зварот у адміністрацыю Лукашэнкі і ў пракуратуру, у якім заклікалі дапамагчы грамадзянам абараніць свае правы. Але далёка не ўсе вераць, што такія захады будуць эфектыўнымі.

«Пакуль у нас не зменіцца верхавіна ўлады, да таго часу будуць працягвацца здзекі над народам», - кажа адна з удзельніц мітынгу.

«Я вельмі баюся, што гэтую праблему не развяжуць на ўзроўні такога сходу. Рэч у тым, што ў нас прызначаюць чыноўнікаў, у нас няма выбараў», - кажа іншая жыхарка.

Нагадаем, некалькімі днямі раней на мітынг выйшлі жыхары Уручча, дзе горадабудаўнічы канфлікт доўжыцца ўжо не першы год. У акцыі бралі ўдзел больш за 200 чалавек. Людзі, якія сабраліся трымалі ў руках плакаты з патрабаваннем спыніць ушчыльненне мікрараёна. Жыхароў «Уручча» прыехалі падтрымаць і прадстаўнікі іншых ініцыятыўных груп Першамайскага раёна: з «Усходу-2», «Вайсковага гарадка», вуліцы Калініна.

Мінулым летам жыхары Уручча сцяліся ў няроўнай барацьбе з байцамі менскага спецназа. З плакатамі ў руках людзі выходзілі на абарону невялікага сквера, дзе АМАП збіраўся пабудаваць два дамы для сваіх супрацоўнікаў. Перамога апынулася на баку апошніх: нягледзячы на пратэсты, будоўля на скрыжаванні вуліц Шугаева і Русіянава ўсё ж пачалася. Тады, спрабуючы хоць як-небудзь патушыць горадабудаўнічы канфлікт, Мікалай Ладуцька паабяцаў выключыць з плана забудовы Уручча яшчэ два дамы, якімі таксама хацелі «нагрузіць» мікрараён: дом кампаніі «Белсплаў» і ЖБВК «Першамайскі-1». У гэтым годзе стала вядома, што свайго слова чыноўнік не стрымаў.

Напісаць каментар 137

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках