Магілёўскую студэнтку затрымалі за салідарнасць з Бяляцкім
9- 4.08.2013, 14:04
- 19,181
Супрацоўнікі міліцыі затрымалі удзельніцу акцыі салідарнасці са зняволеным праваабаронцам Алесем Бяляцкім.
Затрыманне адбылося прыкладна а 12.30 на вуліцы Першамайскай, каля цэнтральнага ўніверсама. Трое актывістаў праваабарончага руху, у тым ліку студэнтка мясцовага ВНУ Дыяна Буракова, раздавалі паштоўкі з інфармацыяй пра Бяляцкага, а таксама паштоўкі з ужо ўпісаным адрасам папраўчай калоніі № 2 Бабруйска, дзе адбывае пакаранне праваабаронца.
Супрацоўнікі міліцыі затрымалі толькі дзяўчыну - да двух іншых праваабаронцаў, мужчын, яны не падышлі, нягледзячы на тое, што адзін з іх быў адзеты ў футболку з партрэтам Бяляцкага. На думку назіральнікаў, гэта зроблена з мэтай запалохаць 21-гадовую Буракову, якая стала выяўляць цікавасць да праваабарончай дзейнасці зусім нядаўна.
Цяпер Дыяна знаходзіцца ў апорным пункце міліцыі на вуліцы Крыленкі. Супрацоўнікі міліцыі падкрэсліваюць, што дзяўчына не затрыманая: яе даставілі ў пункт для высвятлення асобы. Сітуацыя ўскладненая тым, што ў Бураковай цяпер няма на руках пашпарта - ён здадзены на абмен у сувязі з нядаўнім шлюбам.
Нагадаем, 4 жніўня ў розных краінах свету адзначаюць Міжнародны дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі. Ён прымеркаваны да даты арышту Алеся Бяляцкага - віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўніка закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна».
Магілёўскія праваабаронцы падавалі ў гарвыканкам заяўку на правядзенне пікету ў гэты дзень, аднак акцыя была забароненая мясцовымі ўладамі. Пікеты салідарнасці забароненыя ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі.