У цэнтры Варшавы адбылася акцыя салідарнасці з Алесем Бяляцкім
9- 4.08.2013, 17:18
- 13,405
Пікет у падтрымку беларускіх палітвязняў прайшоў сёння на Замкавай плошчы польскай сталіцы.
У ім узялі ўдзел блізу 30 чалавек. Сярод іх былі дэпутат Еўрапейскага парламента ад Польшчы Марэк Мігальскі, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Атрошчанкаў, судырэктары Беларускага дома ў Варшаве Зміцер Бародка і Алесь ЗарэмбюкАнатоль Міхнавец, Вячаслаў Сіўчык ды іншыя.
Удзельнікі акцыі трымалі беларускія нацыянальныя сцягі, плакаты і транспаранты з патрабаваннем вызваліць Алеся Бяляцкага і партрэты арыштаванага праваабаронцы.
Падчас пікету можна было падпісаць паштоўку на імя палітвязняў, якія знаходзяцца ў турмах нашай краіны.
Сёння ў Варшаве пройдуць і іншыя мерапрыемствы, прысвечаныя гадавіне арышту Алеся Бяляцкага, у тым ліку публічная дыскусія і джазавы канцэрт.
Нагадаем, кіраўнік ПЦ «Вясна» быў узяты пад варту 4 жніўня 2011. Праз некалькі месяцаў суд прызнаў яго вінаватым ва ўтойванні даходаў у асабліва буйнай суме і прыгаварыў да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Падставай для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала наяўнасць у яго рахункаў у банках Літвы і Польшчы. Тыя грошы, што паступалі на яго, выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці. Цяпер Бяляцкі адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі №2 Бабруйска.
