НЗ у Менску: з рэек сышлі 4 цыстэрны з-пад звадкаванага газу
17- 5.08.2013, 10:57
- 18,479
Чатыры цыстэрны з-пад звадкаванага газу сышлі з рэек у Менску 4 жніўня.
Чатыры парожнія цыстэрны з-пад звадкаванага газу сышлі з рэек па прыбыцці грузавога лакаматыва «Брэст - Бекасава» на чыгуначную станцыю «Менск - Сартавальны» ўвечары 4 жніўня, паведамляе прэс-служба МНС.
Усяго ў складзе было 93 цыстэрны. З цыстэрнаў, якія сышлі, дзве належаць Расейскай Федэрацыі, і дзве - Рэспубліцы Казахстан.
У выніку здарэння ніхто не пацярпеў. Былі пашкоджаныя 8 колавых пар, апора кантактнай сеткі і чыгуначны святлафор. Чыгуначнае палатно пашкоджанае не было. Рух цягнікоў ажыццяўляўся ў штатным рэжыме.
На аднаўленні кантактнай лініі працавалі аварыйныя брыгады Менскай дыстанцыі электразабеспячэння, Менскай дыстанцыі сігналізацыі, сувязі, Менскай дыстанцыі шляху і Менскага вагоннага дэпо УП «Менскае аддзяленне Беларускай чыгункі». Каб вярнуць цыстэрны на рэйкі, задзейнічалі рамонтна-аднаўленчы цягнік.
Наступствы здарэння ліквідавалі 60 чалавек.
Прычына аварыі ўстанаўліваецца.