28 сакавiка 2024, Чацвер, 19:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Банкі будуць здаваць кліентаў у падатковую

131
Банкі будуць здаваць кліентаў у падатковую

Падатковая праверыць усіх беларусаў, якія жывуць «не па сродках».

Банкі могуць абавязаць падаваць у падатковыя органы звесткi аб выдадзеных крэдытах фізічным асобам, а таксама аб налічаных адсотках па ўкладах. Адпаведная норма змяшчаецца ў законапраекце аб унясенні змяненняў у Падатковы кодэкс.

Дакумент, як сказана ў абгрунтаванні да законапраекта, прадугледжвае «абавязаць банкі прадстаўляць звесткі аб выдадзеных, вернутых (пагашаных) крэдытах банка, налічаных (выплачаных) адсотках па ўкладах (дэпазітах) фiзiчнай асобы па запыце падатковага органа».

У абгрунтаванні да законапраекта, тэкстам якога валодае БелаПАН, гаворыцца пра тое, што 121-ы артыкул Банкаўскага кодэкса (аб банкаўскай таямніцы, якая гарантуе канфідэнцыяльнасць кліенцкіх дадзеных), да цяперашняга часу не дазваляў падатковым органам атрымаць усю неабходную інфармацыю аб кліентах банкаў.

«Пры праверках пытання выканання фізічнымі асобамі парадку дэкларавання даходаў і маёмасці, у тым ліку тых, якія праводзяцца ў мэтах выяўлення асоб, якія жывуць «не па сродках», падатковыя органы ў сілу артыкула 121 Банкаўскага кодэкса не маюць магчымасці праверыць дакладнасць прадстаўленых звестак, калі ў якасці крыніцы грашовых сродкаў, накіраваных на набыццё дарагой маёмасці, фізічнай асобай заяўленыя крэдытныя сродкі банка або адсоткі, атрыманыя ў дачыненні да сродкаў, размешчаных ім на ўкладных (дэпазітных) рахунках у банках», - гаворыцца ў абгрунтаванні.

Па дадзеных, якія прыводзяцца ў ім, «на практыцы маюць месца выпадкі атрымання фiзiчнай асобай крэдыту ў банку ў мэтах прад'яўлення ў падатковы орган крэдытнай дамовы як дакумента, які пацвярджае наяўнасць крыніцы грашовых сродкаў, накіраваных на набыццё дарагой маёмасці».

Пасля пагашэнне крэдыту ажыццяўляецца фізічнай асобай у кароткія тэрміны, напрыклад, на працягу тыдня, адзначае Мінфін у абгрунтаванні да законапраекта.

«У рэчаіснасці набыццё дарагой маёмасці праводзіцца фізічнай асобай за кошт «ценявых даходаў», а заключэнне крэдытнай дамовы ажыццяўляецца ў мэтах легалізацыі «ценявых даходаў» і ўхілення ад падаткаабкладання», - гаворыцца ў абгрунтаванні. Каб выяўляць такія выпадкі, распрацоўшчыкі законапраекта прапануюць абавязаць банкі прадастаўляць у падатковыя органы звесткi аб выдадзеных крэдытах і налічаных адсотках па ўкладах фізічных асоб.

Варта адзначыць, што за апошні месяц тэма барацьбы з ценявой эканомікай некалькі разоў абмяркоўвалася на афіцыйным узроўні. У прыватнасці, прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч у ліпені заявіў, што ў краіне можа быць уведзены падатак з непрацуючых грамадзян (якія, на думку ўладаў, працуюць неафіцыйна і не выплачваюць падаткі ў бюджэт).

Па дадзеных ўрада, каля 445 тысяч чалавек працаздольнага насельніцтва Беларусі нідзе не працуюць. «Сітуацыю трэба выпраўляць. Адзін са спосабаў - увядзенне падатку з непрацуючых», - заявіў Мясніковіч.

Пытанне барацьбы з ценявой эканомікай уздымалася таксама на нарадзе ў Лукашэнкі 1 жніўня. Міністр па падатках і зборах Уладзімір Палуян ацаніў аб'ём такой эканомікі ў Беларусі ў 8-10% ад ВУП. «Ад гэтых адсоткаў мы павінны максімальна забраць тую частку, якая пакладзеная бюджэту, каб грошы працавалі для ўсяго грамадства», - падкрэсліў Палуян.

Напісаць каментар 131

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках