2 траўня 2024, Чацвер, 23:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ксяндзу Лазару не дазволілі перадаць малітоўнік

14
Ксяндзу Лазару не дазволілі перадаць малітоўнік

Ксяндзу Уладзіславу Лазару падоўжылі з 1 жніўня знаходжанне пад вартай яшчэ на тыдзень.

3 жніўня яму дазволілі перадаць перадачу.

Пра гэта «Радыё Свабода» распавяла яго сястра Яніна з вёскі Канюхі Маладзечанскага раёна. Як жа арыштавалі святара Лазара?

«31 траўня яго тэлефон не быў даступны. Я пачала хвалявацца, бо ад нас ён павінен быў ехаць у Барысаў. Да 7-га чэрвеня мяне супакойвалі, што ён, магчыма, у Польшчы. Але нават калі ён быў у Польшчы, то быў даступны. Я падала заяву ў міліцыю ў Маладзечна. Да гэтага абтэлефанавалі і бальніцы, і моргі, і ў ДАІ. І пасля падачы заявы ў міліцыю нам патэлефанавалі з КДБ і сказалі: «Ваш брат жывы-здаровы, ён быў затрыманы". І на гэтым паклалі слухаўку. Я засумнявалася, думала, можа, нехта пераняў і трымае, выкуп хоча. Я зноў звярнулася ў міліцыю. 11-га мне зноў патэлефанавалі вечарам з КДБ і сказалі, што 12-га ў 11 гадзін ён будзе тэлефанаваць маці, каб яна была каля тэлефона.

Ён толькі сказаў, што «маліцеся, трэба будаваць касцёл». Нумар тэлефона зафіксаваўся, і я стала па ім тэлефанаваць. Калі папрасіла, каб назваліся, там паклалі слухаўку. Я дала гэты тэлефон у міліцыю. Потым паехала ў Менск да епіскапа. Ён пацвердзіў, што святар Лазар затрыманы, але там нічога не ведаюць, што і ім цяжка, перажываюць, нікога да яго не пускаюць. І што трэба маліцца», - распавяла сястра святара.

Пасля гэтага Яніна сустрэлася з адвакатам, які пацвердзіў, што святар затрыманы. 3 жніўня ксяндзу Лазару дазволілі перадаць перадачу ў СІЗА КДБ:

«Спачатку не хацелі прымаць, а потым следчаму патэлефанавалі, і яны дазволілі. Толькі малітоўнік яны не ўзялі. Сказалі, што нельга. А так перадалі прадукты і бялізну. Напісалі таксама заяву, каб дазволілі спатканне і яшчэ адзін званок, бо мама перажывае, не спіць, мы так баімся яе страціць. Каб яна хоць бы голас яго пачула. Але пакуль няма дазволу. Хутчэй за ўсё, яго нехта падставіў. Можа, нехта ад зайздрасці, што пабудаваў гэты касцёл, і туды яго накіравалі. У Барысаве ён быў каля месяца, а да гэтага ў Мар'інай Горцы. Трэба званіць ва ўсе званы, так як трымаюць невінаватага».

Сястра Яніна пакуль не ведае, у чым вінавацяць яе брата. Па словах адваката, гэта таямніца следства.

Нагадаем, 26 ліпеня Лукашэнка заявіў пра затрыманне супрацоўніка беларускіх спецслужбаў, які працаваў на замежныя дзяржавы праз прадстаўнікоў каталіцкай царквы. Супрацоўнік спецслужбаў, удакладніў ён, «не толькі здаваў інфармацыю, але з-за яго дзейнасці пацярпелі людзі, якія працуюць за мяжой».

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках